«Пастаянныя вобшукі, ледзь не выкраданне з пакетам на галаве». Хроніка пераследу 16 сакавіка

Рэжым спрабуе здушыць пратэсты страхам: за дзве ўвагнутасці на міліцэйскай машыне і супраціў мянчук Валер Богдан атрымаў два гады гэтак званай хіміі. Вынеслі прысуд і ў крымінальнай справе супраць менчука, палітычнага вязня Аляксея Мельнікава – за ўдзел у масавых беспарадках яго пазбавілі волі на пяць гадоў.

Суд Цэнтральнага раёну сталіцы пачаў разглядаць чарговую крымінальную справу пра масавыя беспарадкі. Гэтым разам на лаве падсудных – палітычны вязень, 31-гадовы Ягор Сугойдзь. 9 жніўня ў раёне стэлы яго збіў аўтазак, пасля здарэння ён трапіў з траўмамі ў шпіталь, а затым быў заключаны пад варту. Мужчыну пагражае да трох гадоў пазбаўлення волі. Працэс над Сугойдзем працягнецца заўтра, але ўжо ў закрытым рэжыме.

«Ён ахвярны казёл цяпер. Там было шмат людзей, ён проста аказаўся тым, за каго можна схапіцца», – падкрэслівае стрыечны брат Ягора Міхаіл.

«Няма словаў! Дзікасць! Якое тут можа быць судзілішча?! Больш з паўгода сядзіць у СІЗА ў зняволенні. Калі там і было парушэнне, дык ён даўно яго перанёс», – абураецца дзядуля Ягора Вадзім.

Следчы камітэт паведаміў, што завяршыў расследаванне пра арганізацыю маршаў студэнтаў. У якасці абвінавачваных фігуруюць 12 асобаў – студэнты, выкладчык і чалец Каардынацыйнай рады. Усе яны цяпер пад вартаю. Паводле следства, яны вінаватыя ў распальванні пратэставых настрояў і арганізацыі акцыяў у беларускіх ВНУ.

«Апроч палітыкі, у нашай вышэйшай адукацыі шмат праблемаў, якія студэнты намагаюцца вырашыць, збіраючы калектыўныя звароты да міністэрства», – заўважае студэнтка медычнага ўніверсітэту Яна Зябко.

«На фоне агульнага зацішша студэнты таксама «сышлі пад зямлю», бо цяпер можна заўважыць, як жорстка закручваюцца гайкі: «справа 12 студэнтаў», наш студэнт Уладзіслаў Марціновіч сядзіць за меркаванае адміністраванне тэлеграм-каналу «Белыя халаты», пастаянныя вобшукі, ледзь не выкраданні з пакетамі на галаве», – дадае студэнтка.

Журналісту і медыйнаму менеджару Андрэю Аляксандраву працягнулі тэрмін утрымання пад вартаю на два месяцы. За кратамі палітычны вязень застанецца да 12 траўня. Аляксандрава і ягоную дзяўчыну Ірыну Злобіну затрымалі 12 студзеня і падазраюць «у фінансаванні пратэставай дзейнасці». За дапамогу пратэстоўцам аплачваць штрафы. Сяргей Вазняк, сябар Аляксандрава, кажа, што Андрэй – моцны чалавек, добра трымаецца, усё ў яго нармальна, калі не ўлічваць, што ён пад вартаю, хаця не здзейсніў ніякіх злачынстваў.

«Я не разумею, у чым тут злачынства. Вось, напрыклад, я перайду дарогу на чырвонае святло, мне выпішуць штраф, і вы за мяне яго заплаціце. Я не разумею, у чым тады вашае злачынства. Ну дапамаглі мне, ну і што?! А абвінавачванне спрабуе павярнуць гэтую справу такім чынам, што раз вы за мяне аплацілі штраф, то вы стымулюеце, каб я і далей парушаў ПДР. Але гэта ўжо нейкае лірычнае глупства» – кажа Сяргей Вазняк.

Не выпусцілі з ізалятару часовага ўтрымання і Таццяны Кірпічавай ды Крысціны Малахоўскай. Жанчын затрымалі ў суботу за «развешванне ўлётак палітычнага характару» і павінны былі выпусціць сёння а пятай раніцы. Аднак пакінулі за кратамі. Каб мець для гэтага законныя падставы, на мянчанак склалі новыя пратаколы паводле артыкулу 24.3 – за непадпарадкаванне 15 сакавіка на тэрыторыі Акрэсціна.

Каця Малей, «Белсат»

 

Глядзі таксама