Капейка на дне бензабаку. «Белнафтахім» зноў узняў кошты


Не мінула тыдня, як зноў на капейку выраслі кошты на паліва. Адказны канцэрн апублікаваў на сваёй старонцы тлумачальны тэкст, у якім за аб’ектыўную прычыну – рост сусветных коштаў на нафту. Ёсць і іншыя прычыны.

Здавалася б – толькі на адну капейчыну даражэе «літр» за стырном… Але калі два разы поўны бак залееш – пераплаціш рубель. Калі ж гэта сёмае сёлета падаражэнне на капейку – пераплаціш 7 руб. Менчукі наракаюць:

«Каб людзей не злаваць. Паказваюць людзям, што 1 капейка – не такая ўжо сума для абывацеля».

«Каб не раздражняць людзей. Мы ж беларусы як… узялі і цягнем. Нам адразу рэзка павысь, будуць голасна абурацца. Калі кожны дзень па капейцы, скажуць – ну капейка і капейка».

«Адмоўна стаўлюся, але ведаю, што мы асабліва ніяк не можам паўплываць, пакуль ва ўладзе знаходзяцца людзі, якія не шануюць нікога».

Ад 16 сакавіка літр АІ-92-К5-Еўра складае 1,77 руб., АІ-95-К5-Еўра – на 10 капеек даражэйшы, АІ-98-К5-Еўра – Br 2,09 руб. І Br 1,87 аддасце за дызпаліва. У мінулы раз паліва даражэла 10 сакавіка.

Канцэрн «Белнафтахім» патлумачыў, што з 1 па 12 сакавіка сярэдняя каціроўка нафты дасягнула 67,2 долары за барэль – у параўнанні са студзенем. Гэта рост цаны на 22,5 %. «Праведзены маніторынг цэнавай сітуацыі на рынках сумежных еўрапейскіх дзяржаваў паказвае, што на фоне значнага росту цаны на нафту цэны на нафтапрадукты на названых рынках павялічыліся на 10-16 адсоткаў». А ў Беларусі, маўляў, толькі на 3,3 % …

«Трэба б было не параўноўваць, кошты і не абвяшчаць, на колькі яны падаражэлі ў розных краінах, а проста сказаць, што ў Беларусі на сярэдні заробак можна купіць столькі літраў паліва, а ў Францыі, Нямеччыне ці яшчэ якой заходняй краіне – столькі. Тады б усё адразу стала зразумела», – кажа Леў Марголін, эканаміст.

Яшчэ адно «але» у тлумачэнні «Белнафтахіму» – знайшоў адзін з апытаных намі менчукоў:

«Колькі можна гэта цярпець, кожны месяц кошт уздымаецца на капейку. Калі нафта ў кошце падала – у нас цана на бензін не змяншалася».

У 2020-ым годзе кошты на аўтамабільнае паліва раслі 16 разоў. У 2019-ым годзе – 28 разоў. Годам раней – 27 разоў, то бок на 27 капеек. Тады Беларусь яшчэ не крочыла ад ільготнага кошту на сырую нафту – да агульнасусветнага. Чаму ж кошты на запраўках сістэмна павышаліся?

«У Беларусі ёсць дзяржаўная манаполія на розныя тавары і паслугі, а нафтахімія – гэта такі асаблівы сектар, у якім дамінацыя дзяржавы не выклікае ніякіх сумневаў, то безумоўна тыя павышэнні на 1 капейку, на 2 капейкі ці 20 % – усё дзеля таго каб кампенсаваць перш за ўсё апетыты алігапалістаў, манапалістаў дзяржавы», – тлумачыць кіраўнік Навукова-даследчага цэнтру Мізэса, Яраслаў Раманчук.

Абодва эксперты сыходзяцца ў меркаванні, што маркетынгавую стратэгію «адной капейкі мог бы спыніць толькі пратэст, прыкладам якога ў 2011 годзе быў шэраг акцыяў СТОП-бензін. Адно цяпер у беларусаў іншыя прыярытэты, звяртае ўвагу спадар Яраслаў:

«Я думаю, што асноўнымі чыннікамі супраціву народа супраць улады з’яўляецца не каўбаса, а справядлівасць, роўнасць, гуманітарная катастрофа».

Тым больш, што апроч бензіну, на адну капейку ў тыдзень растуць і кошты – на харчы, прамтавары і ўсе віды паслугаў.

Юлія Цяльпук, «Белсат»