Суд над рэдактарамі «NEXTA»


Арганізацыя масавых беспарадкаў, стварэнне экстрэмісцкага фармавання, заклікі да захопу ўлады ды шмат што іншае. Фігурантам справы – былым і дзейным рэдактарам сеткі каналаў «NEXTA» Раману Пратасевічу, Сцяпану Пуцілу і Яну Рудзіку – інкрымінуюць ад шасці да дзевяці артыкулаў Крымінальнага кодэксу.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Уся гэтая справа гэта ціск на свабоду мірных сходаў, гэта такая помста за тое, што рабіў Telegram-канал «NEXTA» для акцый мірнага пратэсту», – лічыць юрыстка праваабарончага цэнтру «Вясна» Святлана Галаўнёва.

На лаве падсудных толькі Раман Пратасевіч. Нягледзячы на сур’ёзнасць абвінавачванняў, ён утрымліваецца пад хатнім арыштам, бо, цытата, «выканаў умовы заключанага з ім дасудовага пагаднення аб супрацы ў поўным абʼёме». Фігурант не толькі супрацоўнічае са следствам, але і дае інтэрвʼю прапагандыстам Лукашэнкі. На першых відэа шмат хто заўважаў прыкметы катаванняў. У пазнейшых відэа Пратасевіч як быццам выглядае больш разняволена.

«Не хачу ні ў палітыку больш лезці, ні ў якія брудныя гульні – разборкі», – кажа Пратасевіч прапагандысту Марату Маркаву ў чэрвені 2021-га.

«Многія людзі гатовыя прызнаць свае памылкі, ды рухацца далей. Я сваім прыкладам хачу гэта паказаць і рабіць штосьці на карысць дзяржавы», – дадае ён у жніўні 2022-га.

Раман Пратасевіч апынуўся літаральна ў ролі закладніка ў траўні 2021-га. Тады лукашысты прымусова пасадзілі ў нацыянальным аэрапорце «Менск» самалёт кампаніі «Ryanair», які ляцеў па маршруце Афіны – Вільня. Дваіх пасажыраў – Рамана Пратасевіча і ягоную спадарожніцу Сафію Сапегу – затрымалі.

Суд над Сапегаю адбыўся летась у траўні. Яе вінавацілі паводле 7 артыкулаў Крымінальнага кодэксу. Вырак – 6 гадоў зняволення і вялізны штраф. Якім жа можа быць прысуд Раману Пратасевічу?

«Я не ведаю пакуль, чым гэта ўсё скончыцца – разважае былы рэдактар Telegram-каналу «NEXTA» Ян Рудзік. – Магчыма, яны вырашаць на Пратасевічы «адарвацца», таму што ў інтэрвʼю Марату Маркаву, якое я глядзеў, ён спрабаваў жартаваць, маўляў, ён блізкі да лукашэнкаўцаў. Але Маркаў яму нагадваў, што ён вінаваты, і суд будзе».

На думку ж Святланы Галаўнёвай, прысуд Пратасевічу будзе мякчэйшым за выракі іншым фігурантам гэтай справы. У тым ліку з прапагандысцкіх мэтаў. Зрэшты, Пратасевічу ад гэтага наўрад ці будзе лягчэй.

«Я вельмі спадзяюся, што ён застанецца на волі. Але складана называць гэты стан, у якім ён знаходзіцца, воляй – кажа Святлана Галаўнёва. – Мне падаецца, у любым выпадку на яго працягнецца ціск, пакуль ён можа нешта даць уладам, нешта даць рэжыму».

Што тычыцца Сцяпана Пуцілы ды Яна Рудзіка, у адносінах да іх ужытае гэтак званае спецыяльнае вядзенне, фактычна, завочны судовы працэс. Адметна, што фігуранты справы не маюць магчымасці азнаёміцца з ёю або скантактавацца з прызначанымі абаронцамі. Ян Рудзік распавёў, што ў тэлеграм-канале нават заклікаў прапагандыста Азаронка дапамагчы яму выйсці на сувязь з прызначаным судом адвакатам:

«Ніхто са мной ніяк не звязваўся. Вось я Рыгора (Азаронка) папрасіў, калі ён будзе міма праходзіць, каб ён узяў кантакт майго адваката. Будзем спадзявацца на гэта, бо я хацеў бы пазіцыю абароны неяк абмеркаваць. Я б доказы там прадставіў, што я не абражаў і не захопліваў уладу».

Ян Рудзік, як і Сцяпан Пуціла, недасяжны для судовай сістэмы Лукашэнкі. А вось Раман Пратасевіч пагадзіўся з выстаўленымі абвінавачваннямі і цяпер чакае рашэння суда.

Ян Федаровіч, «Белсат»