Украіна спыніла транзіт беларускіх калійных угнаенняў


Украіна спыніла транзіт беларускіх калійных угнаенняў. Якія страты за гэтым пойдуць і як гэта паўплывае на беларуска-украінскія адносіны?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Чорная серада для беларускай хімічнай галіны. Сёння Украіна спыніла транзіт беларускіх калійных угнаенняў у Еўропу і СНД праз сваю тэрыторыю.

«Даўно ўжо ва Усходняй Еўропе, ды тым больш паміж Беларуссю і Украінаю, скончыліся чыста эканамічныя адносіны, іх няма», – кажа дырэктар Цэнтру грамадскіх даследаванняў «Украінскі мерыдыян» Дмытро Левусь.

Але ці няма ўвогуле? А як жа закупы Украінаю беларускай электраэнергіі, якія пасля перабояў аднавілі?

«Беларусь не адмовіцца ад гандлю бітумам, гандлю нафтавырабамі, таму я думаю, што тут у гэтым сэнсе нічога не будзе, тым больш што Украіна купляе электраэнергію. А гэта патрэбна для Беларусі ў кантэксце стабільнасці працы Беларускай АЭС», – лічыць кіраўнік навукова-даследчага цэнтру Мізэса Яраслаў Раманчук.

Што ж датычыць супрацы ў хімічнай галіне, мець адносіны з кампаніяй, якая трапіла пад санкцыі, – значыць, губляць рэпутацыю.

«Украінская чыгунка ўводзіць з 16 лютага абмежаванні на працу з адной кампаніяй, якая трапіла пад санкцыі. Кампанія “Беларуськалій”. Працягвацца яны будуць да часу, пакуль будуць дзейнічаць санкцыі. Пралічваць эканамічны эфект кампанія лічыць немэтазгодным», – адзначылі ва Украінскай чыгунцы.

Летась праз Украінскую чыгунку прайшло амаль 12 мільёнаў тонаў грузаў з Беларусі. 17-я іх частка, амаль 700 тысяч тонаў, – калійныя ўгнаенні. 270 тысячаў аселі на ўкраінскіх прадпрыемствах, 220 тысячаў – паехалі ў Турцыю, 64 – у Вугоршчыну, 45 – у Польшчу, і 8 прыняла Румынія. Марскім шляхам Украіна перавезла звыш двухсот васьмідзесяці тысяч тонаў угнаенняў.

Спыненне транзіту датычыць самай прыбытковай кампаніі ў краіне – «Беларуськалію».

Апошнія звесткі Міжнароднай асацыяцыі ўгнаенняў сведчаць: 20 адсоткаў сусветнага экспарту належалі «Беларуськалію». Сярод жа вытворцаў кампанія займала другое месца – адразу пасля канадскага «Nutrien». Расейскі «Уралкалій» і амерыканская «Mosaic Company» падзялілі трэцяе месца. Нямецкая «K+S Minerals and Agriculture GmbH» – на чацвёртым. На пятым – больш дробныя кампаніі з усяго свету. Імаверна, цяпер сітуацыя зменіцца.

«На самой справе гэта стварае рызыкі для таго, каб расейскія алігархі, менавіта Мезенцаў альбо тыя людзі, якіх прызначыць Крэмль, часткова, паступова ўваходзілі ў кантроль над “Беларуськаліем”. Мы можам, калі гэты канфлікт будзе яшчэ 2–3 гады ці 5 гадоў страціць кантроль над тым, хто зарабляе на нашых калійных угнаеннях», – мяркуе Яраслаў Раманчук.

Да спынення транзіту беларускіх калійных угнаенняў праз Украіну спрычынілася і палітыка, мяркуе наш эксперт.

«Менавіта ў гэтым кантэксце і трэба ўсё ўспрымаць. І такое кардынальнае паляпшэнне адносінаў, я думаю, будзе магчымае толькі пасля таго, як будуць урэгуляваныя ўсе пытанні паміж Кіевам і Масквой, не раней», – кажа Дмытро Левусь.

Украіна – не першая, хто перакрыў транзіт калійных угнаенняў для Беларусі. Два тыдні таму гэта зрабіла Літва.

Надзея Бельская, «Белсат»