Вайсковец Раман Гаўрылаў прызнаўся ў забойстве Генадзя Шутава


У Менскім гарадскім судзе разглядалі абскарджанне прысуду грамадзянцы Швейцарыі Наталлі Хершэ. Яе затрымалі 19-га верасня на жаночым маршы ды асудзілі на два з паловаю гады калоніі за сарваную з амапаўца балаклаву. Учынку так і не даказалі. Прысуд аднак пакінулі без зменаў.

«Адвакат, канечне, сказала, што правільна і добра, усё як трэба. За такое артыкул 23.34, але ніяк не крымінальны», – кажа сяброўка Наталлі Хершэ.

За ратаванне Наталлі ды астатніх палітычных вязняў парламентары Швейцарыі падпісалі адкрыты ліст. Як грамадзянка краіны, лічаць дэпутаты, яна павінна атрымаць дазвол вярнуцца дамоў.

«Тое, што запытвае пракурор, тое і даецца. Гаворка нават не пра скарачэнне тэрміну», – распавядае брат Наталлі Хершэ Генадзь Касьян.

У Магілёўскім раённым судзе адбылося чарговае паседжанне над блогерамі Аляксандрам Кабанавым і Сяргеем Пятрухіным, якія праходзяць у гэтак званай справе Ціханоўскага. Гэтым разам журналістаў у залу пусцілі. Аднак падвіноўных не было. У дасудовых допытах Кабанаў з Пятрухіным віны не прызналі і заявілі пра палітызаванасць працэсу. Яго працягнуць разглядаць у пятніцу.

«Гэта палітычна матываваны суд. І людзей, якіх вінавацяць, не дапусцілі ў залу паседжанняў для таго, каб мы і прысутныя там не пачулі праўды», – распавядае старшыня АГП у Магілёве Уладзімір Шанцаў.

У Берасці за замах на забойства міліцыянта судзілі сябра і адзінага сведку забойства Генадзя Шутава – Аляксандра Кардзюкова. Адзінаццатага жніўня Шутаву ў патыліцу стрэліў міліцыянт, мужчына памёр. Выдавецтва «Медиазона» апублікавала відэазапіс падзеяў. Бойку, пра якую сцвярджалі сілавікі, на ім не відаць. І, паводле Кардзюкова, папярэдніх стрэлаў у паветра не было. Аднак пацярпелыя ў гэтай справе паводле суда – усё роўна вайскоўцы.

«Я бачу, што яны блытаюцца ў паказаннях. Абсалютна. Наш адвакат умомант разбіў бы іх у пух і прах на нармальным паседжанні», – кажа сястра Аляксандра Кардзюкова Марына.

Справа над Аляксандрам Кардзюковым патрэбная, каб апраўдаць выкарыстанне зброі супраць мірных грамадзянаў. Адтуль і версія пра напад на работнікаў, лічыць праваабаронца Раман Кісляк.

«На жаль, гэтых супрацоўнікаў выпусцілі ў горад толькі з пісталетамі. Ніякіх іншых сродкаў абароны. Як яны тлумачылі, у прыватнасці Галіцын, яны не праходзілі спецыяльнай падрыхтоўкі ў рукапашным баі. Вайскоўцы ў горадзе, якія ўмеюць страляць», – лічыць праваабаронца Раман Кісляк.

Вырак у крымінальнай справе ў дачыненні назіральніка на парламенцкіх выбарах Аляксандра Аграйцовіча перанеслі. Падставаю для справы сталася відэа «Настаўнікі твораць «чорнае», у ім ён назваў пэўных настаўнікаў фальсіфікатарамі.

«Што я магу сказаць? Я на момант назірання за парламенцкімі выбарамі лічыў, што яны былі сфальсіфікаваныя. На момант змяшчэння гэтага роліку, «Настаўнікі твораць «чорнае», на канале назіральніка, лічыў, што выбары былі сфальсіфікаваныя. І да гэтага часу лічу, што выбары не былі сумленнымі і вынікі іх былі сфальсіфікаваныя», – кажа Аляксандр Аграйцовіч.

Паўгода за створаны 9-га жніўня сяброўскі чат у тэлеграме ў СІЗА ўтрымлівалі маладога рэжысёра, палітычнага вязня Ігната Сідорчыка. Сёння яму прысудзілі тры гады «хатняй хіміі».

Надзея Бельская, «Белсат»