У Горадні пачалі судзіць журналіста Анджэя Пачобута


Пачатак двойчы пераносілі, паседжанне зрабілі закрытым. У Гарадзенскім абласным судзе пачаўся працэс над Андрэем Пачобутам.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Анджэй як сябра Саюзу палякаў, як твар гэтага Саюзу, таму што ён многія гады там працаваў, пісаў, розныя матэрыялы рыхтаваў пра палякаў у Беларусі, ён трапіў пад гэтае кола рэпрэсіяў», – кажа намеснік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Барыс Гарэцкі.

Журналісту пагражае ад пяці да 12-ці гадоў зняволення. Анджэя Пачобута абвінавачваюць у закліках да дзеянняў абмежавальнага характару, то бок да санкцыяў. Паводле пракуратуры, санкцыі скіраваныя на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь. Таксама журналісту інкрымінуюць нібыта распальванне сацыяльнай варожасці – за абарону польскай меншасці ў Беларусі, за артыкулы ў польскім выданні «Gazeta Wyborcza» пра беларускія пратэсты ў 2020-м, і нават за тэкст 2006-га года ў адным з польскіх часопісаў, прысвечаны антыкамуністычнаму падполлю на Гарадзеншчыне.

«Справа выключна палітычная, і яна пачыналася як справа супраць Польшчы для таго, каб паказваць пэўную нацягнутасць адносінаў, паказваць у паляках нейкі негатыў, паказваць тое, што нібыта саюзы палякаў распальваюць нешта ў Беларусі», – кажа Барыс Гарэцкі.

Анджэй Пачобут застаўся адзіным абвінавачаным з пяці затрыманых у «польскай справе». Трох фігурантак справы, сябраў Саюзу палякаў у Беларусі з розных гарадоў, вызвалілі са следчага ізалятару ўзамен на выезд з краіны. Старшыня аб’яднання, якое рэжым Лукашэнкі забараніў у Беларусі, Анжэліка Борыс, застаецца пад хатнім арыштам. Абвінавачання з яе не знялі, але разам з Анджэем не судзяць. Паводле дзяржаўных медыяў, на судовы працэс прыбыў часовы павераны ў справах Польшчы ў Беларусі Марцін Вайцехоўскі. Міністэрства замежных справаў Польшчы выступіла з заявай у сувязі з пачаткам у Беларусі судовага працэсу над журналістам. Польскія ўлады робяць усё магчымае дзеля вызвалення Анджэя Пачобута, адзначыў і віцэ-міністр замежных справаў Польшчы Павэл Яблоньскі.

«Мы несупынна патрабуем неадкладнага вызвалення Анджэя Пачобута. Мы робім таксама захады, пра якія я не магу публічна казаць. Падобныя крокі мы рабілі ў дачыненні іншых асоб, незаконна арыштаваных у Беларусі. Не ва ўсіх выпадках яны заканчваліся поспехам. Я запэўніваю: кожны дзень мы дзейнічаем у справе вызвалення Анджэя Пачобута ды іншых палітвязняў у Беларусі», – падкрэсліў Павэл Яблоньскі.

За кратамі Анджэй Пачобут сядзіць ужо 664 дні. Зняволены мае хворае сэрца і хворы страўнік, не ўсё можа есці. Пры гэтым яго змяшчалі ў карцар. На сённяшніх здымках бачна, што Пачобут моцна схуднеў. Ціснуць на палітвязня і маральна, фактычна яму блакуюць ліставанне на польскай мове. Гэтак рэжым помсціць за свой страх, адзначае абраная прэзідэнтка Беларусі Святлана Ціханоўская.

«Мы бачым, што намаганні рэжыму на Анджэя не дзейнічаюць. Калі восенню 2021 года яму прапанавалі прасіць аб памілаванні ў абмен на абяцанне вызвалення, ён адмовіўся. У выніку беларускі КДБ унёс Анджэя ў спіс асоб, датычных да тэрарыстычнай дзейнасці.Рэжым выстаўляе абсурдныя абвінавачанні супраць Анджэя. І, вядома ж, тое, што чакае Анджэя, нельга назваць судом. Гэта фарс. Гэта спроба знішчыць моцных і смелых людзей», – лічыць Святлана Ціханоўская.

Анджэй нарадзіўся ў Беларусі ў сямʼі палякаў, ён шчыры патрыёт Польшчы і Беларусі. Ён марыў стаць адвакатам, атрымаў вышэйшую юрыдычную адукацыю, аднак пазней пайшоў па слядах бацькоў: стаў адстойваць справядлівасць ужо ў незалежнай журналістыцы.

«Ён выдатны журналіст, цудоўна арыентуецца ў тым, што адбываецца ў Беларусі, што адбываецца ўвогуле на постсавецкай прасторы, дапытлівы, адважны, бескампрамісны. і пасля таго што адбылося, мне падаецца, што ён сапраўдны польскі рамантык», – кажа намеснік кіраўніка выдання «Gazeta Wyborcza» Барташ Веліньскі.

Цяперашні арышт Анджэя Пачобута – ужо трэці ў крымінальных справах. У 2011 і 2012 гадах на яго заводзілі справы за нібыта «абразу Лукашэнкі» і «паклёп на Лукашэнку». Тады ён правёў за кратамі каля чатырох месяцаў, быў асуджаны з адтэрмінаваннем выраку і вызвалены ад адбыцця пакарання.

«Ён чалавек, які ніколі не вагаўся, ці пісаць адкрыта пра тое, што адбываецца ў Беларусі. З гэтай прычыны, уласна, ён і сутыкнуўся з рэпрэсіямі. Гэта неверагодна смелы чалавек, чалавек, які дэманструе вялікую адвагу асабістую і грамадзянскую. Ён рабіў гэта ўсё жыццё і робіць цяпер, калі рэпрэсаваны і застаецца за кратамі», – падкрэслівае Павэл Яблоньскі.

Апроч міжнароднай салідарнасці адзіная зброя журналістаў супраць рэпрэсіяў уладаў – гэта слова, падкрэслівае Барыс Гарэцкі:

«Мы не мусім маўчаць, не мусім даваць забыць пра гэтыя справы, не мусім даваць забыць пра нашых калег у турмах, што вельмі хоча ўлада зараз зрабіць. А кожны дзень пісаць ім лісты, казаць на розных міжнародных пляцоўках розных узроўнях, у сваіх паведамленнях казаць, што ў Беларусі за кратамі сядзяць журналісты».

За кратамі ў Беларусі застаецца 31 працаўнік медыяў.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»