15 затрыманых – вынік свята «БНР101»


Пасля двух содняў зняволення асуджаны актывіст Зміцер Дашкевіч. Суд Цэнтральнага раёну Менску прызнаў яго вінаватым паводле артыкулу 23.34 адміністрацыйнага кодэксу аб парушэнні парадку правядзення масавых вулічных імпрэзаў. Зміцер Дашкевіч быў затрыманы 24 сакавіка падчас канцэрту з нагоды 101 угодкаў БНР у Менску. 25 сакавіка былі затрыманыя яшчэ 15 чалавек, у тым ліку вядомыя беларускія музыкі.

На 45 базавых, або 1150 беларускіх рублёў пакаралі Змітра Дашкевіча за заклік прыходзіць на штодзённую вахту ў Курапаты каля скандальна вядомай рэстарацыі «Паедзем паядзім». Рашэнне суддзі Івана Касцяна Зміцер Дашкевіч збіраецца абскардзіць.

«Я на судзе адзначыў, што іх прэзідэнт на «вялікай размове» запрашаў садзіцца на «Лаву Клінтана» у Курапатах і чарку куляць, то гэта не з’яўляецца несанкцыянаваным мерапрыемствам. А малітва і свечкі – несанкцыянаванае. Гэтым прысудам яны самі супраць сябе сведчаць», – кажа Зміцер Дашкевіч.

Дашкевіча затрымалі пасля выступу падчас канцэрту ў Кіеўскім скверы Менску 24 сакавіка. У Дзень Волі, 25 сакавіка, спіс затрыманых папоўнілі Лявон Вольскі, Ігар Варашкевіч, Павел Аракелян і Зміцер Вайцюшкевіч. Музыкі збіраліся зладзіць вулічны канцэрт, але не паспелі нават расчахліць сваіх гітараў.

«Я не бачу нічога кепскага ў тым, каб гэты канцэрт адбыўся, бо ўсё ж такі свята. У іх дастаткова сіл і рэсурсаў, каб гэты канцэрт ахоўваць, каб гэтыя людзі таксама паспявалі і паскакалі. І не было б такога варʼяцкага піяру, бо гэта пайшло нашмат шырэй, чым планавалася», – паведаміў Зміцер Вайцюшкевіч.

Палітыкаў Віталя Рымашэўскага і Мікалая Казлова затрымалі дарогаю да вуліцы Валадарскага, дзе яны збіраліся ўскласці кветкі каля будынку, дзе абвясцілі БНР. Агулам учора былі затрыманыя 15 чалавек.

«Яны хочуць прымусіць людзей баяцца. І на ўсялякія праявы таго, што хтосьці можа не баяцца, яны спрабуюць дэманстратыўна свае карныя функцыі выявіць – у гэтым няма ніякага сумневу. А хтосьці хоча выслужыцца: тыя самыя «шуняўкі» – чым яны адрозніваюцца ад звычайнага міліцыянта? Сваймі несумленнымі паводзінамі», – кажа Мікалай Казлоў.

Святкаванне сто першых угодкаў БНР працягвалася тры дні, і, не зважаючы на ўсе перашкоды, менчукі не маглі не заўважыць свята:

«Крыху так: мне тэлефанаваў тата, віншаваў, казаў, што выбухнуў феерверк, які мы даўно набылі. І на возеры ў нас таксама выбухалі феерверкі – уражанне крыху меншае, чым раней, але ўсё роўна ёсць».

«Салют быў учора – ішоў дадому, бачыў людзей з добрым настроем, з прыгожымі тварамі».

«Я была ў Горадні на канцэрце. Было вельмі крута, і мне вельмі спадабалася. Тут я нідзе не ўдзельнічала, але агулам настрой быў вельмі добры».

Па-ранейшаму ў зняволенні застаюцца затрыманыя 24 і 25 сакавіка Наталля Басалыга, Алена Таўстая, а Дзяніс Урбановіч асуджаны на 50 базавых велічыняў ці на 1275 рублёў за вокліч «Жыве Беларусь!»

Галіна Абакунчык, belsat.eu