Грып вяртаецца ў Беларусь


Сезон уздыму вірусных інфекцыяў у Беларусі сёлета надышоў крыху раней. Такія прагнозы рабілі і эпідэміёлагі. Але каронавірус больш не асноўны ў эпідэмічнай карціне. Павялічылася колькасць захворванняў на грып. У тым ліку штам так званага свінога грыпу. Чаго варта чакаць беларусам?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

У два мінулыя гады ў Беларусі з грыпам амаль не сутыкаліся, кажуць інфекцыяністы. Гэта тлумачыцца пандэміяй каронавіруса, які пачаў дамінаваць. У гэтым статусе ён наўпрост выціснуў вірусы грыпу. Але такая сітуацыя, кажа загадчык кафедры інфекцыйных хваробаў Беларускага дзяржаўнага медычнага ўніверсітэту Ігар Карпаў, доўга не магла працягвацца.

«Цяпер ідзе цалкам натуральны працэс пранікнення тых самых вірусаў, якія мы добра ведаем, якія цыркулявалі заўсёды. Гэта вірусы грыпу H1N1, H3N2, гэта 2 разнавіднасці грыпу В, рэспіраторна-сінцыцыяльны вірус і іншыя», – распавёў Ігар Карпаў.

Пасля гэтых двух гадоў сёлета адзначаецца вялікая колькасць захворванняў, выкліканых вірусам грыпу H1N1, або каліфарнійскім варыянтам, адзначаюць адмыслоўцы. Больш вядомым як свіны грып. У 2009 годзе ён прывёў да пандэміі ўва ўсім свеце. Цяпер некаторыя беларусы таксама занепакоеныя: маўляў, сітуацыя можа паўтарыцца.

«Не варта баяцца, магу адназначна сказаць. У 2009 годзе была іншая сітуацыя – выхад новага штаму, так званая пандэмічная выява грыпу. Пры гэтым іншыя кантынгенты рызыкі, пазасезоннае ўзнікненне захворвання, свае законы развіцця гэтай сітуацыі», – заявіў Ігар Карпаў.

У прафілактыцы грыпу вялікую ролю медыкі адводзяць прышчэпкам. Адпаведная вакцынацыя ў Беларусі стартавала ў кастрычніку. Цяпер у Міністэрстве аховы здароўя заявілі пра яе заканчэнне. З прычыны «дасягнення рэкамендаванага ўзроўню ахопу. Агулам па краіне гэты паказнік склаў 40 адсоткаў».

«40 адсоткаў – гэта размова ні аб чым. Калі мы вакцынуемся, мінімальны паказнік насельніцтва трэба вакцынаваць – ад 75 адсоткаў і больш. Калі мы прышчапілі 10, 20, 40 адсоткаў – у эпідэмічным плане гэта ніякага значэння не мае», – адзначыў загадчык кафедры інфекцыйных хваробаў Нацыянальнага ўніверсітэту аховы здароўя імя Шупіка (Украіна) Аляксандр Дуда.

Магчымасць зрабіць прышчэпку супраць грыпу ёсць і пасля заканчэння кампаніі вакцынацыі. Але толькі за ўласныя сродкі.

Акрамя таго, працягваецца вакцынацыя супраць каронавіруса. Поўны курс, паводле актуальных звестак Мінздароўя, прайшлі больш за 70 адсоткаў беларусаў. Ці гэтыя вакцыны ўзаемазамяняльныя?

«Абсалютна правільнае пытанне. Калі мы вакцынуемся ад ковіду, гэта папярэджвае развіццё грыпу? Калі вакцынуемся ад грыпу, гэта папярэджвае развіццё ковіду? Бо і тая, і тая інфекцыі рэспіраторныя. Адказ адназначны: ніякіх адносінаў грып да ковіду не мае на сённяшні дзень», – патлумачыў Аляксандр Дуда.

У Сусветнай арганізацыі здароўя чакаюць, што пандэмія каронавіруснай хваробы скончыцца налета. На гэта спадзяюцца і беларускія медыкі. Але, на іхную думку, усё будзе залежаць ад частаты ўзнікнення варыянтаў каронавіруса, якія мінаюць імунітэт. Бліжэйшым часам, распавялі эксперты, у Беларусі чакаюць прыходу двух новых штамаў.

Ірына Юр’ева, «Белсат»