За 10 дзён – 87 лістоў. Чаму беларусы пішуць палітвязням?


Кожны дзень беларусы Вільні збіраюцца, каб пісаць лісты палітвязням, бяруць удзел у гэтым не толькі дарослыя, але і дзеці. Толькі тут за 10 дзён напісалі 87 лістоў.

«Мы так даем зразумець нашым героям, што мы пра іх не забылі, мы памятаем і перажываем за кожнага, хто ў зняволенні. Яшчэ лічу, што гэта такі спосаб паказаць нашым уладам, што за кожнага героя мы будзем змагацца да канца», – кажа Вольга, якая лістуецца з палітвязнямі.

Толькі ў Вільні ёсць некалькі грамадскіх ініцыятываў у напісанні лістоў. Ёсць такія і ў іншых гарадах. Лістуюцца і самастойна. Аднак пры такіх аб’ёмах лісты ў турмы даходзяць нерэгулярна.

«Часта ўлады ладзяць інфармацыйную блакаду, не прапускаюць лісты ад знаёмых, сваякоў, каб у зняволеных стваралася адчуванне, што яны забытыя і кінутыя. Гэта вельмі моцна ўплывае на маральны стан чалавека», – распавядае праваабаронца з ПЦ «Вясна» Наталля Сацункевіч.

Афіцыйна 920 асобаў прызнаныя палітычнымі вязнямі. Пісаць ім можна толькі па-беларуску ці па-расейску, тым, хто не ведае мовы, перакласці дапамогуць валанцёры. Каб атрымаць адказ ад вязня, трэба ўкласці ў канверт міжнародную марку, набытую ў Беларусі. Самыя вязні ў адказах падкрэсліваюць важнасць лістоў са свабоды.

«Я столькі добрых словаў атрымліваю пра сябе, што хутка буду хадзіць задраўшы нос. Гэта вельмі прыемна. Мне здаецца, што мы ўздзейнічаем сваімі лістамі на свядомасць тых, хто іх чытае», – напісала ў адным з апошніх лістоў палітзняволеная Марфа Рабкова.

Падтрымаць можна і онлайн: на сайце праваабарончай арганізацыі «Вясна» ёсць падрабязная інфармацыя аб правілах ліставання з палітвязнямі.

Пішуць лісты і дзеці:

«Я прыйшла а 12-й, але пісаць пачала дзесьці а першай і ўжо 4 лісты напісала».

«Усе гісторыі ў мяне да слёз. Я не магу, мне шкада ўсіх, каго садзяць ні за што».

«Я напісала, што мне шкада, што яе пасадзілі. Я хачу, каб яна хутчэй вызвалілася, каб хутчэй убачыла сваіх блізкіх».

Калі вы не ведаеце, каму напісаць, на сайце politzek.me можна даведацца, хто атрымлівае мала лістоў.

«Вельмі важна ў лістах выказваць падтрымку, распавядаць нейкія навіны, палітвязням важна ведаць, што яны не адны. Мне запалі ў душу словы пра тое, што «лісты ў турме – гэта кісларод», – распавядае праваабаронца Наталля Сацункевіч.

Хутка адправіць вестку зняволенаму можна і тэлеграмаю: праз пошту ці патэлефанаваўшы на гарадскі нумар 166.

Алена Дубовік, «Белсат»