Дзіркі ў дзяржбюджэце пакрыюць за кошт беларусаў


Савет міністраў удвая скараціў пералік сацыяльна значных тавараў, рост коштаў на якія быў абмежаваны. Гэта значыць, што цэны на іх пойдуць угару. Дзяржаўныя прафсаюзы заявілі, што возьмуць пад асаблівы кантроль цэны на гэтыя тавары. Чым гэта дапаможа беларусам, невядома. Але дзяржава прыдумвае ўсё новыя падставы, каб залезці ў нашыя з вамі гаманцы.

Індывідуальныя прадпрымальнікі чакалі адмены адзінага падатку, а атрымалі яго падвышэнне. Палата прадстаўнікоў ухваліла ў першым чытанні праект новага Падатковага кодэксу.

«Хтосьці думае, што гэта стала адзіным плацяжом: падатак, Фонд сацыяльнай абароны – яны гэта ў адно месца ўкінулі. А па факце аказалася, што гэта не так. Гэта толькі падатак», – адзначае прадпрымальніца з Віцебску.

Калі змены ў Падатковы кодэкс будуць ухваленыя і набудуць моц, адзіны падатак для індывідуальных прадпрымальнікаў вырасце ў 2,5–4 разы. Напрыклад, за рамонт і тэхнічнае абслугоўванне аўтамабіляў у Менску адзіны падатак з 306 рублёў вырасце амаль да 896. Падатак для цырульнікаў і салонаў прыгажосці са 135 рублёў – да 540.

«Гэта не эканамічны крок, гэта палітычны крок, зрабіць так, каб прадпрымальнікі як клас самі паступова сыходзілі і каб гэта не выглядала як рэпрэсіі ў адносінах да прадпрымальнікаў», – перакананы эканаміст Аляксей Харкевіч.

Падвышэнне падаткаў чакае ня толькі прадпрымальнікаў. Раней абвесцілі ўвядзенне падаткаў на кватэры, падвысілі падатак на сабакаў, зрабілі абавязковым транспартавы збор. Мо гэтак улады намагаюцца залатаць дзіркі ў бюджэце? Учора палата прадстаўнікоў зацвердзіла ў першым чытанні дзяржаўны бюджэт з дэфіцытам амаль тры мільярды рублёў.

«Падвышэнне падаткаў – гэта, па сутнасці, падрыхтоўка эканомікі да 2022 года, калі беларускія ўлады прагназуюць пагаршэнне фінансавага становішча, пачатак дзеяння санкцыяў, меншую валютную выручку. Яны не могуць разлічваць на такую ж кан’юнктуру знешніх рынкаў. Трэба недзе браць грошы», – мяркуе эканаміст Яраслаў Раманчук.

Калі росту падаткаў беларусы яшчэ чакаюць, ужо цяпер – пачалі выдаткоўваць больш на харчы. 66 адсоткаў апытаных намі гледачоў адзначылі, што найбольшае павелічэнне цэнаў адчулі на каўбасы, мясныя субпрадукты і рыбу. 18 адсоткаў апытаных заўважылі падаражэнне рысу, грэчкі, проса і макаронаў. Сёння гэтыя ды іншыя харчы беларускі ўрад выключыў са спісу сацыяльна значных тавараў, кошты на якія рэгулявалі. Тым часам рэальныя даходы грамадзянаў працягваюць змяншацца ўжо некалькі месяцаў запар.

Антон Каменскі, «Белсат»