Акцыі салідарнасці ў Беластоку


Аляксандр прыехаў у Беласток з Магілёва. Тут, на Падляшшы, далучыўся да актыўнасцяў беларускае дыяспары і даведаўся пра незвычайны спосаб падтрымаць палітвязняў – выкупацца ў халоднай вадзе. Мужчына кажа, што даўно хацеў паспрабаваць маржаванне, але раней не было нагоды.

«Напэўна, першае, што мяне натхніла на гэта, што людзі, якія сядзяць у турмах: на Акрэсціна, у Жодзіне, у іншых месцах, у карцарах – яны там застаюцца ў холадзе, без коўдраў, без рэчаў, яны замярзаюць. І, каб выказаць салідарнасць і адчуць, як ім, я стаў рабіць гэта», – кажа Аляксандр Каваленка, прадстаўнік беларускай дыяспары ў Беластоку.

Кожную нядзелю беларусы прыязджаюць на адзін з пляжаў Беластоку і купаюцца ў ледзяной вадзе. Бяруць з сабою нацыянальныя сцягі.

«Сцяг нас грэе, разам вельмі файна, калі мы сустракаемся там, паказвае салідарнасць з тымі людзьмі, якія сядзяць за кратамі ў Беларусі, мы сядзім у халоднай вадзе, а яны ж сядзяць за кратамі – і не могуць нікуды выйсці», – тлумачыць беларускі актывіст Ян Абадоўскі.

Ёсць і тыя, хто пакуль не наважыўся акунуцца ў ледзяную ваду, аднак лічыць важным падтрымаць акцыю сваёй прысутнасцю. Прадстаўнік беларускай дыяспары Мечыслаў Навагродскі распавядае:

«Гэта вельмі патрэбна для нас і для тых, хто цяпер сядзіць – бо мы распаўсюджваем гэты матэрыял у інтэрнэце, і людзі бачаць нас, бачаць тыя праблемы. Гэта ў такіх экстрэмальных умовах робіцца, што не звярнуць увагі немагчыма».

Ніхто з удзельнікаў не меў досведу маржавання. Іх абʼяднала жаданне, каб праблема беларускіх палітвязняў гучала і развязвалася. А дзеля гэтага беларусы Беласточчыны гатовыя працягваць акцыю да перамогі.

Алесь Ляўчук, «Белсат»