Журналістка Кацярына Андрэева 2 гады знаходзіцца за кратамі


Глядзелі дзясяткі тысячаў беларусаў у жывым эфіры. Гэтак званыя сілавікі не даравалі. Два гады таму на Плошчы Перамен затрымалі журналістак Кацярыну Андрэеву і Дар’ю Чульцову. Улады кажуць, што за ўдзел і арганізацыю пратэстаў. Грамадства ведае, што за праўду.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

2020. Журналісткі Кацярына Андрэева і Дарʼя Чульцова праводзяць некалькі гадзінаў стрыму з Плошчы Пераменаў. Тады сілавікі гвалтоўна разагналі акцыю ў памяць забітага Рамана Бандарэнкі. А таксама затрымалі рэпарцёрак.

«І Каця, і я таксама, вялі сябе спакойна. То бок нам кажуць: “Ідзіце сюды, станьце сюды – мы ўсё гэта рабілі”. Страх заставаўся. То бок вось гэтае трасенне засталося. Ты адчуваеш, як тваё цела трасецца ад празмернасці адрэналіну. Але ты робіш, што яны кажуць. Таму што, зразумела, супраціў не мае сэнсу», – узгадвае Дар’я Чульцова.

Даша адбыла два гады зняволення і выйшла на волю паўтара месяца таму. Каця таксама была б вольная, але рэжым працягнуў здзек – абвінаваціў журналістку ў здрадзе дзяржаве. Пажадаў адабраць яшчэ восем гадоў жыцця Кацярыны.

«Я думаю, любы прыклад сумленнай журналістыкі ў аўтарытарнай краіне – гэта важная частка супраціву. Менавіта таму гэта важна. Гэта не толькі прафесійна, гэта яшчэ і грамадзянская пазіцыя», – упэўнены ўкраінскі публіцыст Віталь Портнікаў.

Каця сустрэла за кратамі двое сваіх народзінаў. Пакуль ішоў другі суд, яна была ў ізалятары і магла атрымліваць лісты толькі ад сваякоў. Цяпер жа яна ў гомельскай папраўчай калоніі нумар чатыры. Як могуць змяніцца ўмовы журналісткі? Распавядае кіраўніца Прававой Ініцыятывы Вікторыя Фёдарава:

«Гэта, як правіла, швачная вытворчасць. Вельмі шмат у каго падае зрок, там дастаткова шумна. У прынцыпе, гэта рабская праца, бо яна фактычна ніяк не аплачваецца. Апроч таго, палітвязняў абмяжоўваюць у перадачах і карэспандэнцыі. Часта дапускаюць лісты толькі да родных, каб стварыць чалавеку пачуццё поўнай ізаляцыі».

Да таго ж, Каця ў спісе экстрэмістаў, што можа накласці дадатковыя абмежаванні. Напрыклад, праблемы з атрыманнем грашовых пераводаў, больш праверак. Палітычных з надуманых прычынаў кідаюць у штрафныя ізалятары – адзіночныя камеры з яшчэ горшымі ўмовамі. Нягледзячы на магчымыя рэпрэсіі за кратамі, Каця не пайшла на прызнанне віны дзеля змякчэння тэрміну.

Гэта незаконнае ўтрыманне. У прававой дзяржаве такія вязні маглі б патрабаваць кампенсацыю. Але пакуль праваабаронцы настойваюць на тым, каб у гэткіх выпадках звярталіся да іх і збіралі доказы злачынстваў сілавікоў самастойна.

«Мы збіраем усе доказы і захоўваем іх у бяспечным месцы, на бяспечных серверах. Бо часта дакументы на папяровым носьбіце, калі застаюцца на тэрыторыі Беларусі, могуць папросту знікнуць», – распавядае Вікторыя Фёдарава.

Цяпер за кратамі – трыццаць тры журналісты. Некаторыя чакаюць выраку і ўтрымліваюцца ў ізалятары. Іншыя маюць тэрмін ад двух да пятнаццаці гадоў зняволення. Гэтак рэжым ацэньвае прафесіяналізм.

Дар’я Чульцова ўзгадвае, як важна было працягваць працу на стрыме, нягледзячы на пагрозы сілавікоў:

«Мы разумелі, што нам трэба гэта паказваць. Так, нас пачалі ўжо адсвечваць. Дроны і гэтыя ліхтарыкі. Мы схаваліся. Потым ізноў вылезлі – працягнулі здымаць. То бок у нас не было, нават не ўзнікала пытання: працягваем альбо не працягваем? У нас ёсць інтэрнэт, у нас ёсць карцінка – мы працягваем здымаць. І пытання такога не паўставала».

Яна Шэк, «Белсат»