Міжнародны дзень пісьменнікаў у зняволенні – у Беларусі адбываюцца новыя затрыманні


Новыя «экстрэмісты» ў двукоссі – няпоўнагадовыя. Міністэрства ўнутраных справаў заявіла пра затрыманне пяцярых адміністратараў інтэрнэт-каналаў – у «Тык-Току» і «Тэлеграме». У затрыманні маладзёнаў удзельнічалі СОБР, АМАП і «Алмаз».

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Выявілі групу адміністратараў інтэрнэт-рэсурсаў, прызнаных экстрэмісцкімі матэрыяламі. Фігуранты, трое з якіх няпоўнагадовыя, пачынаючы з 2020 года адміністравалі чатыры тык-ток-акаўнты і два тэлеграм-каналы, у якіх публікавалі інфармацыю, накіраваную на арганізацыю і рыхтаванне масавых беспарадкаў, супраціў супрацоўнікам праваахоўных органаў з мэтай пасягання на незалежнасць, тэрытарыяльную цэласць і асновы канстытуцыйнага ладу Рэспублікі Беларусь», – заявіў начальнік аддзелу ГУБАЗіК МУС Яўген Пілецкі.

Паводле Міністэрства ўнутраных справаў, мэтай затрыманых было знаходзіць выканаўцаў для знішчэння аб’ектаў інфраструктуры і для нападу на праваахоўнікаў.

«”Тык-Ток” – гэта проста яшчэ адно асяроддзе, яно даволі зараз папулярнае, там вельмі зручна на смартфоне рабіць мантаж вашага відэа і ёсць бібліятэкі музыкі і іншых забавак, якія можна дадаць у гэтае відэа. Таму шмат для каго гэта стала майстэрняй для вырабу кантэнту. А паколькі такіх людзей аказалася многа, гэтая сетка расце, улады звярнулі ўвагу – дайшла чарга і да тык-токераў», – кажа медыяэксперт Паўлюк Быкоўскі.

Крымінальную справу супраць затрыманых гэтак званых адміністратараў завялі за стварэнне экстрэмісцкага фармавання. Пры гэтым міністр унутраных справаў Іван Кубракоў, анансуючы стварэнне новых мабільных падраздзяленняў унутраных войскаў у Беларусі, заявіў, што колькасць злачынстваў экстрэмісцкага характару на тэрыторыі краіны змяншаецца.

«Але тыя збеглыя, якія здзяйснялі злачынствы ў 2020 годзе і цяпер знаходзяцца за межамі Рэспублікі Беларусь, – яны спрабуюць разгайдаць сітуацыю ў нас у краіне. Пераважна ўсе злачынствы здзяйсняюцца – 80 % – праз інтэрнэт», – кажа Іван Кубракоў.

Міністр зазначыў, што падраздзяленні інтэрнэт-выведкі выяўляюць такія злачынствы і такіх асобаў. Тое, што сілавікі пачалі лепш знаходзіць інфармацыю ў тэлефонах затрыманых, адзначаюць і тыя, хто прайшоў праз затрыманні.

«Я думаю, што ўсім, у каго ёсць патэнцыйная рызыка затрымання, трэба вельмі сурʼёзна паставіцца да інфармацыі, якая ёсць у тэлефоне. Сілавікі вельмі добра налаўчыліся працаваць з Telegram. Яны дастаюць нейкія выдаленыя паведамленні з чатаў, вельмі лёгка працуюць з ботамі», – прыводзіць партал NEWS.ZERKALO.IO словы аднаго з затрыманых.

Працягваюцца ў краіне і палітычныя суды. Сёння ў Менскім гарадскім судзе пачаліся адразу два закрытыя працэсы над былымі следчымі: палітвязнямі Мікітам Старажэнкам і Яўгенам Юшкевічам.

Сталася вядомая дата пачатку судовага працэсу над журналістам Андрэем Пачобутам – 28-га лістапада.

Паводле маніторынгу Беларускага ПЭНу, у зняволенні ў Беларусі застаюцца амаль тры дзясяткі асобаў, якіх, як і Андрэя Пачобута, можна назваць людзьмі слова. Адзінаццаць з іх – лаўрэаты прэміі імя Францішка Аляхновіча за найлепшы твор, напісаны ў зняволенні. Сёння, у Міжнародны дзень зняволенага пісьменніка, мелі абвесціць сёлетніх лаўрэатаў.

Але заснавальнікі прэміі, радыё «Свабода» і Беларускі ПЭН, перанеслі цырымонію ўзнагароджання на наступны год, бо публічнае зʼяўленне такіх твораў сёння амаль немагчымае праз няспынныя рэпрэсіі і арышты аўтараў і выдаўцоў.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»