Пра што пішуць Кацярына Андрэева і Дар'я Чульцова ў лістах з-за кратаў


Журналісткі Кацярына Андрэева і Дарʼя Чульцова год як застаюцца ў зняволенні за вядзенне стрыму з плошчы Пераменаў.

«Яна не згодная падаваць на нейкія памілаванні, яна не прызнае сваёй віны, таму УДВ для яе закрытае, камісія яе не прапусціць. Таму будзем змагацца далей. На памілаванне яна не піша, сказала: «Я ні ў чым не вінаватая». Таму пакуль сядзім. Далей не ведаю», – кажа Наталля Церабіленка, маці Дар’і Чульцовай.

Падтрымліваць сувязь з блізкімі, сябрамі, атрымоўваць актуальныя навіны дзяўчаты могуць праз нячастыя сустрэчы з роднымі і адвакатамі, а таксама ліставанне.

«Першы ліст з гомельскай калоніі… яна піша, якія моцныя ўражанні ў яе былі ад таго, што яна ўпершыню за паўгода ўбачыла сонейка, убачыла проста неба, кветкі», – прыгадвае муж Кацярыны Андрэевай Ігар Ільяш.

Самым блізкім людзям Кацярына і Дарʼя апісваюць свой побыт і тое, як прызвычайваюцца да новых умоваў.

«Бачыла б ты мяне ўчора, ганарылася як ніколі, ха-ха, пасля вячэры дзень стаў вельмі насычаным, спачатку прыбіралася ў сталовай, сталы працірала, падлогу мыла, а пасля яшчэ і ў калідоры памыла. Такой чыстаты ўдома за мной не назіраецца, ты ж ведаеш – у мяне вечны беспарадак», – цытуе ліст дачкі спадарыня Наталля.

Сябрам і знаёмым, у тым ліку ў турэмных засценках, дзяўчаты дасылаюць словы падтрымання.

«Словы падтрымання – гэта самае важнае. І калі ты іх пішаш адсюль, са свабоды, гэта адно, а калі ты дакладна такое ж атрымоўваеш у адказ і цябе падтрымліваюць і кажуць «не перажывай»… У мяне ж «хімія». І калі Даша піша: «Не перажывай, ты зможаш, у цябе ўсё атрымаецца» – і ты чытаеш і разумееш, чалавек у няволі – і ён цябе стараецца падтрымаць яшчэ мацней, чым людзі, якія вакол цябе тут, на свабодзе», – распавядае былая сукамерніца Дар’і Чульцовай Ганна Сунгурова.

На жаль, вядома, што не ўсе паштоўкі і тэлеграмы даходзяць у турме да адрасатаў. Праз ціск і цэнзуру.

«Нягледзячы на тое, што не атрымоўваеш адказаў, усё роўна важна пісаць. Бо дастаткова ўявіць, што ты сядзіш у гэтай калоніі альбо ізалятары, лісты – гэта адзінае, праз што да цябе даходзіць нешта пазітыўнае ў жыцці, што дае табе магчымасць вырвацца на волю ў думках хаця б на некалькі хвілінаў», – падкрэслівае Дзмітрый Ягораў, калега Кацярыны і Дар’і.

Выйсці на волю Кацярына і Дарʼя мусяць у верасні 2022 года. Пакуль жа мы просім падтрымаць нашых каляжанак, адправіўшы ім паштоўку або тэлеграму. Актуальныя адрасы можна знайсці на нашым сайце ў раздзеле «Жыве!».

Марыля Дакуцька, «Белсат»