Беспалётная зона над Менскам


Дадаць у санкцыйныя спісы чыноўнікаў, датычных да нелегальнай міграцыі, а таксама стварыць юрыдычныя падставы для ўвядзення санкцыяў супраць небеларускіх кампаніяў. З гэтаю мэтаю ў Бруселі сабраліся міністры замежных справаў краінаў Аб’яднанай Еўропы. Ці дапамогуць яны спыніць плынь мігрантаў праз Беларусь у краіны Еўразвязу – высвятляў Аляксандр Папко.

Санкцыяў пакуль не прынялі, але дараваць Лукашэнку крызіс на мяжы Еўразвяз не мае намеру. Міністры замежных справаў краінаў ЕЗ сабраліся, каб вызначыць, якім чынам дапамагчы заблакаваным на мяжы людзям і як пашырыць санкцыі супраць тых, хто іх туды прывёз.

«Нам трэба зрабіць аэрапорт Менску беспалётнаю зонаю – прынамсі на нейкі час. Мы мусім пераканацца, што там не прызямляюцца самалёты, якія могуць даставіць людзей, што маюць намер незаконна перасекчы мяжу. Яны не павінны прызямляцца ні ў Менску, ні ў якім-небудзь іншым беларускім аэрапорце. […] Другое пытанне, якое мы хочам абмеркаваць, – гэта даць тым людзям, якія цяпер у Беларусі, магчымасць бяспечна вярнуцца дадому», – распавёў пра павестку дня міністр замежных справаў Літвы Габрыелюс Ландсбергіс.

Узгодненыя з Вялікай Брытаніяй і ЗША санкцыі Еўразвяз можа абвесціць у пачатку снежня, – паведамляе агенцтва «Bloomberg». Сёння міністры ўзгаднялі між сабою чорныя спісы і новыя прававыя падставы, якія дазволяць уводзіць санкцыі супраць небеларускіх кампаніяў.

«Еўрапейскі звяз не можа ўвесці санкцыі супраць сірыйскай авіякампаніі за парушэнне правоў чалавека ў Беларусі. Трэба прыняць новую юрыдычную падставу – гуманітарны крызіс, міграцыйнае пытанне, якое Менск выкарыстоўвае як інструмент ціску на Еўрапейскі звяз», – растлумачыў эксперт Фінскага інстытуту міжнародных справаў Рыгор Ніжнікаў.

Напярэдадні кіраўнік еўрапейскай дыпламатыі Жузэп Бурэль паразмаўляў праз тэлефон з Уладзімірам Макеем. Ён заклікаў Менск даць заблакаваным на мяжы людзям гуманітарную дапамогу і папярэдзіў пра санкцыі супраць авіякампаніяў.

«Мы вядзем перамовы з краінамі паходжання мігрантаў і транзітнымі краінамі. Мой калега Маргарытыс Схінас, віцэ-прэзідэнт Еўрапейскай камісіі, цяпер у Багдадзе. Падаецца, прыток мігрантаў у Беларусь нам удалося ўзяць пад кантроль», – адзначыў Жузэп Бурэль.

Супраць каго канкрэтна ўвядуць санкцыі, пакуль невядома. Паводле Жузэпа Бурэля, у спісе прэтэндэнтаў – «Белавія», турагенцтвы і 30 беларускіх чыноўнікаў.

«Канкрэтна гэтыя санкцыі накіраваныя на тое, каб схема з кантрабандай мігрантаў была разарваная», – патлумачыў старэйшы дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка.

Польскі прэмʼер заявіў, што калі Лукашэнка не перастане «штурмаваць мяжу», Еўразвяз будзе ўзмацняць санкцыі – ажно да закрыцця мяжы.

«Гэта транспартныя паслугі. Летась яны прынеслі Беларусі больш за 3 млрд долараў, сёлета – могуць вырасці на 20 % у сувязі з ажыўленнем сусветнай эканомікі. Ад траціны да паловы гэтай сумы, гэта значыць 1–1,5 млрд – такія могуць быць страты», – ацаніў эканаміст Сяргей Чалы.

Папярэднія абмежавальныя захады Брусель увёў супраць Менску ў траўні і чэрвені. У адказ на прымусовую пасадку ў Менску самалёта «Ryanair» Еўразвяз забараніў даваць крэдыты беларускім дзяржбанкам, набываць беларускае паліва, цыгарэты і некаторыя віды калійных угнаенняў. Беларускім авіякампаніям забаранілі лётаць у Еўразвяз. Колькі ж згубіў Менск?

«У межах 1–1,5 млрд амаль напэўна. Ёсць розныя ацэнкі наконт таго, якія будуць страты з пункту гледжання дынамікі эканамічнага росту. Але самі ўлады рысуюць трывожную карціну. У прагнозе сацыяльна-эканамічнага развіцця на будучы год яны асцерагаюцца росту сацыяльнай напружанасці», – зазначыў Сяргей Чалы.

Тым часам прэзідэнты Літвы, Латвіі ды Эстоніі заклікалі Еўракамісію рэфармаваць міграцыйную палітыку Еўразвязу і прыцягнуць рэжым у Менску «да адказнасці за гандаль людзьмі».

Аляксандр Папко, «Белсат»