Санкцыі за кантрабанду людзей


Не дапусціць кантрабанду людзей і палітычнае выкарыстанне мігрантаў. Прадстаўнік МЗС Нямеччыны Андрэа Зассе заявіла, што ўрад гэтай краіны прапанаваў Еўразвязу пашырыць санкцыі супраць афіцыйнага Менску з-за міграцыйнага крызісу, інспіраванага беларускім рэжымам. Бо яго дзеянні накіраваныя супраць усяго Еўразвязу. Паводле звестак Федэральнай паліцыі Нямеччыны, з пачатку жніўня праз Беларусь у гэтую краіну прыбылі больш за 4 тысячы нелегальных мігрантаў.

Палітолаг Валер Карбалевіч кажа, што сур‘ёзныя санкцыі з‘явіліся ў адказ на пасадку самалёта Райнэр і вось новы пакет санкцый ЕЗ – адказ на міграцыйны крызіс, то бок беларускія ўлады самі правакуюць гэтыя санкцыі.

Тым часам еўрапейскія дыпламаты пацвярджаюць: ідзе праца над пятым пакетам санкцыяў супраць рэжыму ў Менску. Чакаецца, што яго зацвердзяць у наступным месяцы. Усяго пад санкцыі за апошні год трапілі 166 чалавек і 15 беларускіх арганізацыяў. Асобна Брусель увёў сектаральныя санкцыі, якія закранулі калійную і тытунёвую галіну, нафтаперапрацоўку і банкаўскую сферы. Карбалевіч звяртае ўвагу, што рэжым можа адрэагаваць неадэкватна:

«Могуць пачаць нейкія дзеянні супраць замежнага капіталу, дыпламатычныя дэмаршы, высылкі амбасадараў, працяг рэпрэсій супраць грамадзянскай супольнасці. Трэба пачакаць, Лукашэнка калісьці абяцаў, што хутка гэтыя мігранты на мяжы з’явяцца са зброяй. Ну вось, як варыянт».

Сёння ж камітэт па нацбяспецы і абароне Літвы паведаміў, што ўсталяваныя больш за 10 асобаў, якія трапілі ў краіну як нелегалы, а потым выкрылася, што яны «звязаныя з той ці іншай тэрарыстычнай арганізацыяй або групоўкай». Тым часам прэс-сакратар міністра-каардынатара польскіх спецслужбаў Станіслаў Жарын пералічыў якія структуры з беларускага боку нажываюцца на міграцыйным крызісе і ўжо зарабілі на ім мільёны долараў. Па ягоных словах, перш за ўсё гэта Белавія, якая цяпер пад санкцыямі і на мяжы банкруцтва. Такім чынам кампанія атрымлівае даходы ад нелегальнай міграцыі.

Таксама грошы, атрыманыя ад мігрантаў трапляюць наўпрост у адміністрацыю прэзідэнта Беларусі і яе структуру-турыстычную кампанію «Цэнтар-курорт», якая дасылае запрашэнне мігрантам для прыбыцця іх у Беларусь. Тут і сілавыя структуры, памежны камітэт і КДБ.

За апошнія содні польскія памежнікі перадухілілі 682 спробы нелегальнага перасячэння польскай мяжы з беларускага боку. За садзейнічанне кантрабандзе людзей затрымалі 11 чалавек. Гэта грамадзяне Іраку, Нямеччыны, Украіны, Грузіі, Беларусі і Польшчы. Сітуацыю на мяжы ў панядзелак разгледзяць кіраўнікі МЗС краінаў Еўразвязу на планавай сустрэчы ў Люксембурзе.

Уладзімір Старыковіч, «Белсат»