Новы рэкорд – 2073 выпадкаў каронавіруса цягам содняў


Новы зліў ад медыкаў і зноў супярэчанні з афіцыйнай статыстыкай. Партал «zerkalo.io» пасля раскрытых нядаўна ўнутраных звестак пра тэсты на каронавірус у Менску апублікаваў падобную інфармацыю з пяці буйных медычных установаў Віцебшчыны. Апроч таго, што, насуперак афіцыйным звесткам, у іх відаць скачкі колькасці станоўчых тэстаў у залежнасці ад дня тыдня, бачна, што і самі гэтыя лічбы рэзка выраслі. Рост захворванняў пацвярджаюць і мясцовыя лекары.

«Да нас у прыёмны пакой стала паступаць больш за 300 чалавек. Гэта людзі, якім патрэбная медычная дапамога. Сярод агульнай колькасці хворых гэта мае быць адсоткаў 20. То бок гэтых 300 памнажаем на 5 і атрымліваем прыкладны ахоп для гораду Віцебску», – кажа рэаніматолаг Расціслаў Савіцкі.

Неафіцыйную інфармацыю, апублікаваную парталам «Зеркало», пацвярджае і віцебская крыніца «Белсату» ў медычнай галіне, адзначаючы, што шэраг аддзяленняў у мясцовых шпіталях закрылі для іншых пацыентаў, бо там размяшчаюць хворых на ковід-19.

«Што датычыць дакладных лічбаў, то толькі цягам адных содняў у больніцу хуткай медычнай дапамогі ў Віцебску прывезлі больш за 270 пацыентаў у ковіднае аддзяленне. Шпіталі перапоўненыя ковіднымі, персанал працуе да знясілення. Пры гэтым у некаторых больніцах, калі ў пацыентаў выявілі каронавірус, медперсаналу нават не даплачваюць за кантакт з каронавіруснымі хворымі», – паведамляе наша ананімная крыніца.

Паводле афіцыйных звестак, цягам содняў у краіне зафіксавалі 2073 новыя выпадкі каронавіруса. 16 памерлі, 1903 ачунялі. Гэтым лічбам супярэчаць не толькі звесткі з Віцебску, але і шматлікія сведчанні карыстальнікаў тэлеграм-каналаў. Так, паводле ініцыятывы «Белые халаты», толькі ў дзвюх менскіх больніцах цягам учорашняга дня ад ковіду памёр дваццаць адзін чалавек.

Пра крытычную сітуацыю сведчаць і пастановы чыноўнікаў. У Бярозе лекар не прыедзе на дом да пацыента з недастаткова высокай тэмпературай. Колькасць ложкаў для хворых на каронавірус у краіне павялічылася з дваццаці чатырох да трыццаці тысяч. А студэнты і школьнікі могуць прапусціць без даведкі з паліклінікі не тры, а пяць дзён заняткаў.

«Гэта для таго, каб не прымаць пастановы пра перанос вакацыяў на тыдзень раней!?»

«Нармальна, не трэба па паліклініках цягацца, заражацца, адседзеўся дома і ўсё. Усё правільна», – так рэагуюць нашыя гледачы на гэтае рашэнне.

Але гэтая супольная пастанова двух міністэрстваў спазнілася, лічыць Расціслаў Савіцкі, бо хворых ужо вельмі шмат і гэта не толькі моладзь.

«Мы бачым, што захворвальнасць нарастае, то бок хутчэй за ўсё мы набліжаемся да піку захворвання. Трэба думаць пра масачны рэжым, выконваць яго, захоўваць дыстанцыю, мыць рукі, абмежаваць наведванне грамадскіх мерапрыемстваў», – кажа Расціслаў Савіцкі.

Лекары заклікаюць таксама прышчапіцца любой дасяжнай вакцынаю. Паводле Міністэрства здароўя, поўны курс вакцынацыі прайшлі ўжо больш за мільён восемсот тысяч чалавек. А больш за два з паловай мільёны зрабілі першую прышчэпку.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»