ШАС хоча змяняць свет. Лукашэнка – хоча ў ШАС


У Самаркандзе распачаўся саміт ШАС – Шанхайскай арганізацыі супрацы. Ва ўрадавых выданнях краінаў-удзельніц саміту ШАС пішуць, што «гэтая сустрэча зменіць свет», і набіваюць сабе цану, а Лукашэнка заявіў, што гэта нашая шанхайская сям’я і папрасіў генсека аб далучэнні да яе.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Дыялог і супраца ва ўзаемазлучаным свеце» – лозунг саміту ў Самаркандзе з намёкам на галоўную праблему сусветнай эканомікі – падзенне, справакаванае ўварваннем Расеі ва Украіну.

Уладзімір Пуцін зацікаўлены ў цесным супрацоўніцтве з партнёрамі, якія ад яго не адмовіліся, але сышоўшы з трапу і акружаны аховаю трымае дыстанцыю. Ужо на палях саміту – Пуцін заяўляе:

«Мы будзем выводзіць нашыя адносіны на новы ўзровень. Гэта прадугледжана падпісанай намі дэкларацыяй аб паглыбленні стратэгічнага партнёрства».

Улады Узбекістану заявілі, што ў сустрэчы бяруць удзел кіраўнікі пятнаццаці краін. Сярод іх Туркменістан, Казахстан, Пакістан, Індыя, а таксама Кітай, лідар якога ўпершыню пасля пандэміі здзяйсняе шэраг міжнародных візітаў. Грамадскі інтарэс – да перамоваў Сі Цзіньпіна з Пуціным.

«Тут назіраецца з самага пачатку канфлікт інтарэсаў асноўных удзельнікаў – Кітаю і Расеі. Эканоміка – для Кітаю стаіць на першым месцы. А для такой дзяржавы як Расея, а ў мінулым Савецкі Саюз гэта больш пытанні бяспекі, супрацьстаяння тэрарызму», – кажа палітолаг у галіне міжнародных адносінаў Лізавета Дубінка-Гушча.

Палітолаг лічыць, што такая розніца ў мэтах замінае разглядаць Шанхайскую арганізацыю супрацы, як Усходні аналаг заходніх арганізацый. Хоць такім ШАС спрабуюць абвесціць асобныя госці. Да прыкладу, Аляксандр Лукашэнка, які ўжо 12-ы раз прыехаў на саміт у якасці назіральніка, у адным шэрагу з лідарамі Афганістану, Ірану і Манголіі.

«Працуючы ў якасці назіральніка ў арганізацыі мы прынялі рашэнне, што час нам стаць паўнапраўным чальцом нашай Шанхайскай сямʼі», – заявіў Лукашэнка на сустрэчы з генсекам ШАС.

Лукашэнка кажа, што за Шанхайскай сямʼёй эканамічная, палітычная і, магчыма, ваенна-палітычная будучыня. І дзякуе генеральнаму сакратару ШАС за прызнанне:

00:42-48 «Я вам удзячны за тыя ацэнкі, якія былі дадзеныя падчас апошніх прэзідэнцкіх выбараў».

У гэтым і заключаецца галоўная мэта просьбы Лукашэнкі аб далучэнні, лічыць кіраўнік аналітычнага праекту «Кошт Ураду» Уладзімір Кавалкін.

«Яму трэба шукаць легітымнасць хоць недзе. Вось уласна кажучы, спроба нейкіх перамоваў, нейкі валтузні ў рамках ШАС – гэта як раз спроба знайсці сваю вонкавую легітымнасць», – лічыць Кавалкін.

Беларусам жа транслюецца іншая павестка: «ШАС – гэта трох мільярдны рынак, які дазволіць Менску дыверсіфікаваць прыпынены санкцыямі экспарт». Ёсць перашкода – і гэта, як ні дзіўна, Расея – кажа кіраўнік навукова-даследчага цэнтру Мізэса Яраслаў Раманчук.

«Расея не пускае тавараў нават згодна з ЕАЭС з Казахстану. Таму тут ніхто геаграфію не пераскочыць, геаграфія будзе на шляху. Таму адзіны нармалёвы і лагічны шанец Беларусі падняць сваю эканоміку – гэта супраца з Еўразвязам, якая сёння не магчымая», – канстатуе эканаміст.

Згодна з Яраславам Раманчуком, Беларусь не можа прарвацца на рынак ШАС з асноўнымі таварамі, як нафтапрадукты, угнаенні або драўніна. А ў высокіх тэхналогіях і машынабудаванні не можа канкураваць з Кітаем і шэрагам іншых краінаў Саюзу.

Што тычыцца санкцыйнага экспарту, удзельнікі саміту не рызыкнулі б ісці на ўгоды. Прынамсі адкрыта.

«Нейкія рэчы будуць купляцца прах сістэму пракладак – праз Турцыю, праз Казахстан, Кыргызстан, іншыя краіны, але гэта зноў жа – невялічкія порцыі тых тавараў, якія вырабляюцца ў Беларусі», – распавёў Раманчук.

Тое ж самае датычыць Расеі, абагульняе эканаміст: санкцыі непазбежна будуць ціснуць на гэтыя дзве эканомікі і не дазволяць утрымліваць іх даваенны стан.

Юлія Цяльпук, «Белсат»