У Дагестане праз выбух на аўтазаправачнай станцыі загінула больш за сотню чалавек


Трагедыя ў Махачкале. На адной з мясцовых аўтазаправачных станцыяў выбухнулі цыстэрны з палівам. Агульная колькасць пацярпелых перавысіла сотню. Сярод іх трыццаць пяць загінулых, у тым ліку – трое дзяцей. Ратаўнікі на месцы трагедыі працавалі ўсю ноч і ўвесь сённяшні дзень.

«Я раблю там (на АЗС). Насупраць аўтасэрвіс. Там нешта загарэлася, здаецца, што машына. Агонь перанёсся на нашу запраўку. Ад выбуху мне нешта звалілася на галаву, я нічога не бачыў, каго змог выцягнуць – выцягнуў», – кажа працаўнік АЗС, на якой адбыўся выбух.

Ёсць і іншыя версіі. Паводле аднаго з мясцовых жыхароў, прычынаю пажару магло стаць няправільнае захоўванне выбухованебяспечных рэчываў на тым жа аўтасэрвісе.

«Там неяк аказалася сілітра. Як мы ведаем, сілітра – гэта выбуханебяспечнае рэчыва. Яна здэтанавала нейкім чынам, пакуль незразумела. Ад выбуху знесла ўсё тут. Пажар учора быў» – кажа мужчына.

Паводле мясцовага Міністэрства надзвычайных сітуацыяў, пажар ахапіў ажно шэсцьсот квадратных метраў. Загасіць яго ўдалося за некалькі гадзінаў. Аднак рэгіянальнае Міністэрства ўнутраных справаў папярэдзіла пра пагрозу паўторных загаранняў, бо на аўтазапраўцы выбухнулі дзве цыстэрны з васьмі.

Пацярпелых прымаюць у шпіталі Махачкалы. Частку з іх плануюць перавезці ў Маскву спецбортам МНС. Кіраўнік Дагестану Сяргей Мелікаў заявіў, што сем’ям загінулых дадуць грашовыя кампенсацыі. У зоне, дзе адбыўся выбух, уведзены рэжым надзвычайнай сітуацыі. Пятнаццатага жніўня ў Рэспубліцы абвешчаны дзень жалобы.

Аляксандр Асколаў «Белсат»