Аляксандр Пашкевіч: «Кастусь Каліноўскі для Беларусі – гэта тагачасны першы беларускі нацыянальны герой»


Гістарычная знаходка, якая ўжо зрабіла рэвалюцыю. Невядомы раней рукапіс, магчыма, належыць пяру Кастуся Каліноўскага. Аб гэтым у сваім «Фэйсбуку» паведаміў гісторык Алесь Смалянчук.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Кастусь Каліноўскі – нацыянальны герой і сімвал Беларусі. Кіраўнік паўстання 1863 года, публіцыст, паэт. Магчыма, адкрываецца новае слова пра гэтую постаць. Знаходкаю падзяліўся беларускі гісторык, прафесар Алесь Смалянчук. Падчас працы ў Нацыянальным музеі Літвы ён знайшоў у паперах Літоўскага правінцыйнага камітэту раней невядомыя тэксты, якія, магчыма, напісаў сам Кастусь Каліноўскі.

«У фондах Нацыянальнага музею Літвы сярод матэрыялаў Літоўскага правінцыйнага камітэту знойдзеныя некалькі беларускамоўных тэкстаў, відавочна, з асяроддзя Кастуся Каліноўскага. Почырк некаторых падобны на почырк Каліноўскага… Нават павярхоўны прагляд дакументаў наводзіць на думку, што прынамсі іх частка належала асабіста Кастусю Каліноўскаму», – распавёў у сваім «Фэйсбуку» гісторык Алесь Смалянчук.

Паўстанне 1863–1864 гадоў на беларускіх землях пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага – гэта паўстанне супраць расейскага панавання. А таксама барацьба сялянства за палітычную, сацыяльную ды рэлігійную свабоду.

«Кастусь Каліноўскі для Беларусі – гэта асаблівая постаць, паколькі ён адзін з такіх герояў, пра якога можна дакладна сказаць, што яны вялі ўзброеную барацьбу калі не за сучасную Беларусь, то за тое, што ў той час было. Таму, можна сказаць, што гэта тагачасны першы беларускі нацыянальны герой», – мяркуе гісторык Аляксандр Пашкевіч.

Кастусь Каліноўскі загінуў на шыбеніцы на Лукішскім пляцы ў Вільні за справу адраджэння сваёй Бацькаўшчыны. Кожнай нацыі патрэбныя такія героі для будавання самасвядомасці. Так, у ягоны гонар названы полк беларускіх добраахвотнікаў, створаны для абароны Украіны ад расейскага ўварвання.

Перад смерцю Каліноўскі па-беларуску лацінкаю напісаў «Лісты з-пад шыбеніцы», у якіх звярнуўся да беларускага народу:

«Няма, браткі, большага шчасця на гэтым свеце, як калі чалавек у галаве мае розум і науку. Тагды ён толька магчыме жыці ў багацтве, папраўдзе, тагды ён толька, памаліўшысь Богу, заслужыць неба, калі збагаціць наукай розум, разаўе сэрца і радню цэлу сэрцам палюбіць».

У лістападзе 2019 года адбылося ўрачыстае перапахаванне парэштак Кастуся Каліноўскага і іншых паўстанцаў. Іх знайшлі, бо абсунулася гара Гедзіміна ў цэнтры літоўскай сталіцы. Героі спачылі на могілках Росы ў Вільні. На развітанне прыехалі тысячы беларусаў. Сённяшнім жа ўладам такія асобы, як Каліноўскі, не проста непатрэбныя, але і небяспечныя для іх. Адзіны помнік нацыянальнаму герою ў Беларусі стаіць у Свіслачы, дзе некалі вучыўся Кастусь.

Ала Пірумава, «Белсат»