Свет рыхтуецца да трэцяй хвалі


Свет цяпер на пачатковай стадыі трэцяй хвалі COVID-19, пра гэта заявіў генеральны дырэктар Сусветнай арганізацыі здароўя Тэдрас Гебрэесус:

«Мінулы тыдзень стаў чацвёртым запар, калі расце колькасць новых выпадкаў COVID-19 па ўсім свеце, рост зафіксаваны ўва ўсіх апроч аднаго з шасці рэгіёнаў Сусветнай арганізацыі здароўя. І пасля дзесяці тыдняў спаду зноў расце колькасць смерцяў ад віруса. Мы працягваем атрымліваць звесткі з усіх рэгіёнаў свету пра выхад больніц на поўную загружанасць».

Колькасць зафіксаваных выпадкаў каронавіруснай хваробы ў свеце, паводле звестак Універсітэту Джонза Гопкінза, набліжаецца да двухсот мільёнаў. Аўстралійскі штат Вікторыя разам з яго сталіцай Мельбурнам сышоў у прынамсі пяцідзённы локдаўн. Уласныя рэкорды паводле колькасці смерцяў ад каронавіруснай хваробы некалькі дзён запар б‘е і Расея.

Сярод еўрапейскіх краінаў найхутчэйшы рост захворвання адзначаны ў Нідэрландах. Доктар медычных навук з Кіева Аляксандр Дуда адною з важных прычынаў вяртання інфекцыі называе чалавечы фактар.

«Людзі расслабіліся, перасталі выкарыстоўваць сродкі абароны, спадзяюцца, што дастаткова толькі вакцынацыі. Але, як мы бачым, змяняецца вірус, змяняецца яго генетычны склад, і за кошт гэтага мы канстатуем павелічэнне колькасці захворванняў», – кажа Аляксандр Дуда.

Паводле Сусветнай арганізацыі здароўя, новы штам дэльта прысутнічае ўжо ў 104-х краінах, чатыры выпадкі афіцыйна зафіксавалі і ў суседняй з намі Украіне.

«Аналагічныя абсалютна захады супрацьэпідэмічныя супраць гэтага штаму, яны нічым не адрозніваюцца ад захадаў для папярэдніх штамаў. То бок усе тыя ж абмежаванні, усе тыя ж рэкамендацыі будуць дзеяць і для новага штаму», – кажа Аксана Кашалка, загадчыца аддзелу арганізацыі эпіднагляду Цэнтру грамадскага здароўя Украіны.

У Беларусі ж сёння набыла моц пастанова Савету Міністраў, згодна з якой замежнікі з 73-х краінаў свету без візаў могуць прыехаць у нашую краіну, каб зрабіць прышчэпку ад каронавіруса вакцынаю «Sputnik».

«Уезд замежнікаў у Рэспубліку Беларусь у мэтах вакцынацыі супраць інфекцыі COVID-19 і выезд замежнікаў з Рэспублікі Беларусь ажыццяўляецца ў міжнародных пунктах пропуску праз дзяржаўную мяжу Рэспублікі Беларусь аднаразова паводле заяўкі на вакцынацыю (аднакампанентнай вакцынай ці кожным кампанентам вакцыны», – гаворыцца ў пастанове Савету Міністраў РБ.

Паводле Міністэрства здароўя, ужо прынамсі 130 замежнікаў зарэгістраваліся для такой вакцынацыі. Але гэты крок беларускага ўраду нясе дадатковую небяспеку перадусім беларусам, мяркуе Аляксандр Дуда.

«Міграцыя, перасячэнне, асабліва з тых краінаў, дзе сітуацыя з каронавірусам вельмі вострая, канешне, гэта нясе пагрозу, што прыйдзе новы вірус. І галоўнае – мы баімся, каб гэта не быў мутаваны вірус», – кажа Аляксандр Дуда.

А мутацыі віруса не спыняюцца. Ужо цяпер разам са штамам дэльта, перад якім перасцерагае Сусветная арганізацыя здароўя, у Еўропу ідзе і штам лямбда, ад якога сёння цярпіць Лацінская Амерыка. Аляксандр Дуда прагназуе, што новы штам прыйдзе ўвосень, і лічыць, што варта рабіць прышчэпкі, хоць іх слабым месцам ёсць менавіта змены віруса.

Сусветная ж арганізацыя здароўя заклікала да верасня вакцынаваць прынамсі дзесяць адсоткаў насельніцтва кожнай краіны. А да канца года лічба вакцынаваных мае дасягнуць сарака адсоткаў.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»