Карупцыя – асноўная мэта ўдзелу Лукашэнкі ў ШАС?


Лукашэнка просіцца ў Шанхайскую арганізацыю супрацы. Дагэтуль Беларусь 15 гадоў не наважвалася далучыцца да арганізацыі. Аднак, калі магчымасцяў для фінансавання рэжыму ўсё менш, ён намагаецца знайсці падтрыманне ў братоў-дыктатараў.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Сёння 23 гады з дня заснавання Шанхайскай арганізацыі супрацы – ШАС. Беларусь інтэгруецца ў гэтую міжнародную структуру амаль 15 гадоў.

Заснаваная ў 2001 годзе, ШАС уключае ў сябе буйныя краіны Еўразіі. У арганізацыю ўваходзяць дзевяць дзяржаваў, сярод якіх Кітай, Індыя, Пакістан і Расея. Агульная колькасць насельніцтва краінаў ШАС – прыкладна 3,5 мільярды чалавек.

«Гэта пляцоўка для фармавання аўтакратычнай восі. Для КНР гэта галоўная платформа, якая насаджвае кітайскую інстытуцыйную цывілізацыйную мадэль. Галоўны момант у кантэксце Беларусі – гэта размяшчэнне стратэгічных аб’ектаў, правядзенне рознага кшталту вучэнняў, трэнаванняў, перакіданне войскаў, бо Беларусь мае межы з дзяржавамі – удзельніцамі NATO», – зазначае Артур Харытонаў, кітаіст, прэзідэнт грамадскай арганізацыі «Ліберальна-дэмакратычная ліга Украіны».

У 2010 годзе Беларусь атрымала статус партнёра ШАС, а ў 2015-м – назіральніка. Пазалетась Менск падаў заяўку на ўступленне ў Шанхайскую арганізацыю супрацы. Чакаецца, што Беларусь прымуць у склад ШАС на Саміце 3–4 ліпеня ў Астане.

Як зазначае кітаіст Артур Харытонаў, Лукашэнка плануе атрымаць асабістую выгаду ад удзелу ў арганізацыі: «Ён разглядае ўдзел свой у аўтакратычных сістэмах, супольнасцях як магчымасць больш красці, больш з імі ўзаемадзейнічаць, атрымліваць падарункі. Але тут пытанне ўжо ў тым, што яго не запытваюць, чаго ён хоча. Яму даюць загад. Ён ужо не ёсць субʼектам».

Сёння лідару Кітаю Сі Цзінь Піну споўніўся 71 год. У сваім віншаванні з гэтай нагоды Лукашэнка выказаў надзею на сустрэчу з Сі Цзінь Пінам на саміце Шанхайскай арганізацыі супрацы.

Аляксандр Лукашэнка і Сі Цзін Пін.
Крыніца: president.gov.by

«Гэта зразумелая, узважаная дыпламатыя, бо ты вельмі баішся застацца сам-насам са сваім вялікім расейскім суседам. Калі ў цябе ёсць толькі адзін гандлёвы партнёр, адзін палітычны партнёр – гэта вельмі дрэнна. І гэта змушае цябе альбо прадаваць нешта за невыгодныя для цябе цэны альбо далучацца да палітычных рашэнняў, якія табе не патрэбныя», – мяркуе кітаіст Аляксей Чыгадаеў.

Цягам апошніх гадоў Беларусь актыўна супрацоўнічала з Кітаем у межах праекту «Пояс-шлях». Нашая краіна была задзеяная ў двух з чатырох ключавых маршрутах. Прапаганда называла Беларусь звяном паміж Усходам і Захадам. Але пасля санкцыяў з боку Захаду рэжым страціў сваю ролю ў праекце. Удзел Беларусі фактычна замарожаны. Летась на саміт ініцыятывы «Пояс-шлях» Лукашэнку нават не запрасілі.

«Беларусь ужо не можа так лёгка прапускаць праз сваю тэрыторыю тавары ў Еўропу. Давайце проста падумаем, колькі грошай гэта б прынесла ў Беларусь. Гэта… з кожнага вагона рубель, груба кажучы, і атрымліваецца вельмі добрая сума, на якую можна жыць проста на адной інфраструктуры. Так, сапраўды, цяпер гэты праект здаецца мала рэалізаваным», – кажа кітаіст Аляксей Чыгадаеў.

Плануецца, што, краіны, якія ўваходзяць у праект «Пояс-шлях», агульна змогуць зарабіць на ім 21 трыльён долараў. Доля ж Беларусі ў гэтым прыбытку пры існым рэжыме блізкая да нуля.

Аляксандр Дзегцяроў, «Белсат»