Грошы з паветра: якія перспектывы ветраэнергетыкі?


Сёння ў свеце адзначаюць – Дзень ветру. Яго задача – прыцягнуць увагу да аднаўляльнай энергетыкі, а менавіта – вырабу электраэнергіі з дапамогаю ветравых установак. Плануецца, што да 2050 года пры іх дапамозе будзе здабывацца як мінімум 30 адсоткаў энергіі ў свеце. Наколькі верагодна гэта зрабіць і які стан ветраэнергетыкі ў Беларусі – Андрэй Сульжыц.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Энергію ветру людзі выкарыстоўваюць спрадвеку. Але адмысловае свята, прысвечанае гэтай стыхіі, у Еўропе ўпершыню адзначылі ў 2009 годзе. З ініцыятывы Еўрапейскай арганізацыі ветраэнергетыкі і Сусветнай рады энергіі ветру.

Мэта гэтага дня – прыцягваць увагу да патэнцыялу ветраэнергетыкі. Першыя ветрагенератары з‘явіліся яшчэ ў канцы дзевятнаццатага стагоддзя, але трэндам сталі ў дваццаць першым. Гэтак, Нямеччына закрыла свае АЭС і адмаўляецца ад электрастанцыяў на выкапнёвым паліве – аддаючы перавагу сонечнай, ветра- і біяэнергетыцы. Да 2030 года немцы плануюць атрымліваць з гэтых крыніцаў 80 адсоткаў электраэнергіі.

«Вецер у Германіі грае ключавую ролю. Вялікая перавага ветру ў параўнанні з сонечнай энергіяй у тым, што вецер можа быць ноччу, узімку і нават калі мала сонца», – лічыць дырэктар энергетычных праграмаў Цэнтру Разумкова з Украіны Уладзімір Амельчанка.

Развіваецца гэты кірунак энергетыкі і ў суседняй з Беларуссю Польшчы.

«Ветравыя турбіны – гэта неад’емны элемент для падтрымання звычайнай энергетыкі. Бо без іх мы не змаглі б захоўваць прымальных для грамадства цэнаў на электраэнергію», – распавёў міжнародны эксперт у энергетыцы з Польшчы Міхал Франьчак.

Ветратурбіна магутнасцю два мегаваты здольная забяспечваць электраэнергіяй населены пункт на 600–800 дамоў. Невялікі ветрагенератар можна ўсталяваць і на ўласным падворку. Для Беларусі гэта пакуль яшчэ экзотыка. А вось у Польшчы ўласнікаў прыватных дамоў будуць заахвочваць гэта рабіць.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: ehosevera.com

«У нас у Польшчы дзеяла праграма фінансавання сонечных электрастанцыяў. Але цяпер урад абвясціў, што будзе фінансава падтрымліваць усталяванне прысядзібных ветрагенератараў», – дадаў Міхал Франьчак.

З мінусаў ветрагенератараў – спецыфічны шум і патэнцыйная небяспека для птушак, адзначае эксперт. А таксама складанасць абслугоўвання, высокі кошт і нестабільнасць выпрацоўвання току: у залежнасці ад сілы ветру то пуста, то густа. З плюсаў – вецер дзьме бясплатна. Але рэнтабельнасць электрастанцыі залежыць ад рэгіёну.

«Ветраэнергетыка карысная для той краіны, дзе ёсць адпаведная ружа вятроў, дзе дастатковы час можа быць ветранае надвор’е. Вецер павінен быць пэўнай сілы. Гэта абсалютна неабходная ўмова, інакш праект не акупіцца», – падсумоўвае Уладзімір Амельчанка.

Паводле «Канцэпцыі зялёнай эканомікі Беларусі», якую распрацоўвалі з удзелам офісу Святланы Ціханоўскай, нашая краіна мае патэнцыял для развіцця ветраэнергетыкі. На думку эканаміста, для такога спосабу вырабу электраэнергіі ёсць свая ніша.

«Ветракі добрыя тым, што яны могуць закрыць мелкія патрэбы. Маленькія населеныя пункты, аддаленая тэрыторыя, куды складана правесці лініі электраперадач», – тлумачыць эканаміст Аляксей Харкевіч.

Улады, падобна, не плануюць развіваць гэты кірунак. Паводле звестак за 2020 год, на долю ветраўстановак у Беларусі прыпадае менш за паўадсотка электраэнергіі.

Андрэй Сульжыц, «Белсат»