Абыход санкцыяў забівае людзей


Менскі раён, дзясяты кіламетр трасы М2. Да шырокамаштабнага ўварвання Расеі ва Украіну тут былі офісы і склады аднаго з найбуйнейшых у свеце вытворцаў будаўнічай і горназдабыўной тэхнікі – амерыканскай кампаніі «Caterpillar». Функцыі дылера на тэрыторыі Беларусі выконвала замежнае таварыства «Цэпелін Вайсрусланд». Пасля пачатку вайны афіцыйны дылер кампаніі «Cat» сышоў з беларускага і расейскага рынкаў. Прынамсі, гэтак выглядае сітуацыя на паперы. Рэчаіснасць жа іншая.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«На тле таго, што ўвесь свет аб’явіў Беларусі і Расеі санкцыі, супраць Беларусі ўведзена поўнае эмбарга. Мы не можам вам прывесці спакойна тую тэхніку, якую вазілі раней: “Hitachi”, “JCB”, “Volvo”, “Caterpillar”, “Camatsu” і гэтак далей. Гэтыя краіны і вытворцы не вязуцца проста. Яны вязуцца ў абыход санкцыяў. Запчасткі калі вязуцца, то таксама вязуцца ў абыход санкцыяў. Пытанне іх кошту», – распавялі нам у таварыстве з абмежаванай адказнасцю «Вайсрусланд».

Выходзіць, што канчатковым бенефіцыярам на беларускім рынку, які займаецца паралельным імпартам амерыканскай спецтэхнікі, ёсць беларускае таварыства з абмежаванай адказнасцю «Вайсрусланд». Работнікі гэтай фірмы размяшчаюцца па тым жа адрасе, дзе вёў сваю дзейнасць афіцыйны дылер «Cat».

«Адбываецца тое, што праз падстаўныя кампаніі, праз новыя адрасаты ствараюцца, пастаўляецца тая прадукцыя, якая не можа пастаўляцца напрамую ў Расею. І гэта, канешне, складае, я б сказаў, ужо не тактычную праблему, а стратэгічную праблему», – кажа літоўскі дыпламат Пятрас Аўштравічус.

Паралельным імпартам у Беларусь завозяць і сельскагаспадарчую тэхніку «John Deere». Гэтая амерыканская кампанія таксама сышла з беларускага рынку. Паслугі транспартавання, гарантыі і абслугоўвання прапаноўвае гарадзенская фірма «БелАграБалтык» з літоўскімі каранямі. У «БелАграБалтык» нам распавялі:

– Тут нешта кажуць, што вось на «John Deere» запчасткі нельга купіць. Але я вас у інтэрнэце знайшоў.

– Не, запчасткі можна. Проста як бы галоўнае, каб яны былі ў наяўнасці. Калі іх няма, дык тады тэрмін пастаўкі іх 30-40 дзён. З-за ўсіх гэтых падзей атрымліваецца толькі вось так. Хутчэй не атрымліваецца.

Абыход санкцыяў і паралельны імпарт можа прывесці і да чалавечых смерцяў. У выніку расейскага ўдару па жылым доме ў Крывым Розе ў ноч на 13-га чэрвеня загінулі 12 чалавек.

«Калі ўзяць для прыкладу адну з ракетаў, якія ўдарылі сёння па Крывым Розе, то каля 50 кампанентаў у ёй – пераважна мікраэлектроніка, вырабленая ў іншых краінах», – заявіў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Украінскія войскі запускаюць ракеты.
Фота: Генеральний штаб ЗСУ / Facebook

А ў ноч на 14-га чэрвеня расейцы ўдарылі «Калібрамі» па Адэсе. Загінулі тры асобы. Спікер паветраных сілаў ЗСУ Юрый Ігнат у інтэрвʼю «Белсату» расказаў, што сілы абароны Украіны на падставе абломкаў расейскіх ракетаў высветлілі, што шматлікія з іх былі вырабленыя сёлета ў красавіку. З якіх замежных кампанентаў складаюцца расейскія ракеты?

«Гэта чыпы, гэта мікрасхемы, гэта паўправаднікі – усё тое, што Расея не можа і ў найбліжэйшай будучыні не зможа вырабляць сама. Без гэтага ракета не паляціць. Дрон не паляціць. Не зможа самалёт выконваць тыя задачы, якія выконвае. Ёсць каналы паставак, санкцыі не тое, што не працуюць, а няма іх кантролю выканання. І ёсць трэція краіны, якія бесперашкодна пастаўляюць Расеі гэтыя камплектуючыя», – распавядае Юрый Ігнат.

Еўрадэпутат Пятрас Аўштравічус заявіў, што ў наступным пакеце санкцыяў Еўразвязу супраць Расеі галоўная роля адведзеная якраз абыходу абмежаванняў Масквой і Менскам.

«Мы павінныя на сябе накласці санкцыі! І не ўпускаць сябе на расейскі рынак. Бо гэта не толькі раскладае маральны бок, але і эканамічна мы дапамагаем такім чынам расейскай эканоміцы», – мяркуе Пятрас Аўштравічус.

Паводле еўрадэпутата, немалую ролю пры абыходзе санкцыяў граюць і лабісты Крамля на Захадзе.

Руслан Ігнатовіч, «Белсат»