Ці паўторыць севераданецкі «Азот» лёс «Азоўсталі»?


Цяпер адна з гарачых кропак Украіны – горад Севераданецк у Луганскай вобласці. Нягледзячы на ​​лютыя баі, украінскія вайскоўцы не здаюць пазіцыяў: горад цалкам не захоплены. Пасля шэрагу контратак байцы ЗСУ былі вымушаныя адысці і заняць абарону на тэрыторыі хімічнага камбінату «Азот» – горадаўтваральнага прамысловага прадпрыемства. Ці стане паўночнаданецкі «Азот» другім Марыупалем?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Пусты горад, разбураныя, абгарэлыя будынкі – сённяшняя панарама Севераданецку, што ў Луганскай вобласці. Прамысловы цэнтр стрымлівае наступ расейскіх войскаў з першага сакавіка. Сітуацыя ў горадзе стала значна пагаршацца ў канцы красавіка – на пачатку траўня – на фоне пачатку бітвы за Данбас.

«У горадзе Севераданецку працягваюцца вулічныя баі. Камандаванне праціўніка не лічыць сваіх стратаў, імкнучыся захапіць як мага больш украінскіх тэрыторыяў. Расейскія сілы абапіраюцца на тактыку Другой сусветнай вайны – лічаць атачэнне ўкраінскага войска і захоп новых тэрыторыяў асноўнай мэтаю», – заявіў прэс-сакратар Міністэрства абароны Украіны Аляксандр Матузняк.

1 чэрвеня з’явілася інфармацыя, што расейцы кантралююць да 80 % гораду. Аднак ужо 3 чэрвеня сітуацыя змянілася, заявілі ўкраінскія ўлады: у Севераданецк увайшоў Замежны легіён і, згодна з інфармацыяй Інстытуту вывучэння вайны, ЗСУ ўдалося адбіць да 20 % тэрыторыі.

«Мы кантралюем прамысловую зону, перыметр, які забяспечвае злучэнне з Лісічанскам. Баі ідуць за ЦЭНТР. Мы стараемся выцесніць ворага далей ад цэнтру гораду. Гэтая такая перманентная сітуацыя, з частковымі поспехамі. Сітуацыя цяжкая, але стабільная», – лічыць мэр Севераданецку Аляксадр Стрюк.

Асноўным ачагом украінскага супраціву стала прамысловае сэрца Севераданецку – хімічны камбінат вытворчасці мінеральных угнаенняў «Азот». На яго тэрыторыі, у падземных бункерах занялі абарону падраздзяленні ЗСУ і хаваюцца больш за 500 мірных жыхароў, пры гэтым прарасейскія сепаратысты сцвярджаюць, што на заводзе застаюцца да дзвюх з паловай тысяч украінскіх вайскоўцаў. «Азот» сістэматычна абстрэльваюць. На першы погляд, сітуацыя дакладна паўтарае аблогу «Азоўсталі» у Марыупалі.

«Як вядома, расейцы кантралявалі Азоўскае мора. І такім чынам стваралі сабе дадатковыя магчымасці для заваявання Марыупалю і “Азоўсталі”. З Севераданецкам іншая сітуацыя, таму што расейцы не кантралююць раку. Акрамя таго, у Марыупалі была фактычна знішчаная сістэма супрацьпаветранай абароны. Што датычыць Севераданецку і “Азоту”, тут супрацьпаветраная абарона ўкраінскай арміі можа біць па ворагу з Лісічанску і такім чынам ствараць для расейцаў дадатковыя праблемы. Хаця відавочна, што расейцы будуць змагацца за гэты завод. Таму што толькі пасля таго, як яны змогуць захапіць кантроль над тэрыторыяй прадпрыемства, для іх адкрыецца магчымасць штурму Лісічанску», – мяркуе ўкраінскі журналіст Віталь Портнікаў.

Усяго ў Севераданецку застаецца каля 10-ці тысяч жыхароў. Гуманітарная сітуацыя ў горадзе крытычная: разбураныя дашчэнту жылыя дамы, няма газу, вады, электрычнасці. Людзі жывуць у бамбасховішчах і гатуюць ежу на вогнішчах. Іхная эвакуацыя немагчымая з шэрагу прычынаў. Адна з іх – знішчэнне расейскімі вайскоўцамі трох мастоў, праз якія можна было пераправіць людзей у падкантрольны Украіне Лісічанск.

«Разбурылі ўсе масты. Даехаць, давезці нешта ў горад на сённяшні дзень цалкам не магчыма, на жаль. Эвакуацыя не магчымая. І вельмі магутна абстрэльваюць Лісічанск цяжкім калібрам», – пра сітуацыю ў горадзе распавядае кіраўнік Луганскай абласной ваеннай адміністрацыі Сяргей Гайдай.

Мінабароны Расеі заявіла, што на содні адкрылі гуманітарны калідор для цывільных у горад Сватава, які застаецца пад кантролем сепаратыстаў. А 7-й раніцы адтуль выйшаў адзін чалавек – 74-гадовы мужчына. Акрамя таго, расейскае камандаванне прапанавала ўкраінскім вайскоўцам скласці зброю і здацца, абяцаючы ім «захаванне жыцця» і «гуманнае абыходжанне» паводле нормаў Жэнеўскай канвенцыі.

Наста Печанькова, «Белсат»