Аксана Колб: «Хай яны пакуль думаюць, што могуць нас закрыць, прымусіць маўчаць, але праўду не задушыш»


Літаральна няма і дня без працэсаў над палітычнымі зняволенымі. Паводле ўлюбёных крымінальных артыкулаў пракуроры прапаноўваюць, а суддзі – даюць палітвязням незаконныя тэрміны. Не выключэнне – сённяшні прысуд галоўнай рэдактарцы газеты «Новы час» Аксане Колб. Два з паловаю гады так званай «хіміі» – за нібыта грубае парушэнне грамадскага парадку.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Гэта рэдактарка «Новага часу» Аксана Колб на архіўных кадрах – пад сценамі аднаго з менскіх судоў.

Прыходзіла падтрымаць калегаў з рэдакцыі найбуйнейшага беларускага парталу Тут.бай, звярталася да людзей у пагонах і мантыях. «Хай яны пакуль думаюць, што могуць нас закрыць, заткнуць, прымусіць маўчаць, але праўду не задушыш і свабоду не заб’еш», – казала Аксана яшчэ да затрымання.

Сёння суд Цэнтральнага раёну Менску пакараў Аксану 2,5 гадамі папраўчых работ за тое, што прысутнічала на сталічным шэсці ў сярэдзіне жніўня 2020 года. Нібыта ідучы па праезнай частцы жанчына нанесла шкоду сталічнаму прадпрыемству грамадскага транспарту.

«Усе журналісты, якія прысутнічалі на пратэстах у 2020-2021 гадах – яны выконвалі свае прафесійныя абавязкі. Так званая ўлада ўжо два гады планамерна затрымлівае і карае праводзіць ператрусы і рэпрэсуе ўсіх, хто быў на пратэстах, асвятляў іх, распаўсюджваў інфармацыю», – лічыць намеснік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Барыс Гарэцкі.

Судзяць і Андрэя Мачалава, які быў адвакатам, які абараняў рэпрэсаваных беларусаў. Сёння ён – абвінавачаны ў тым, што падрабіў ордар на права быць абаронцам у крымінальным працэсе. Нібыта на момант паседжання адвакат ужо быў выключаны з Менскай гарадской калегіі адвакатаў. Пракурор просіць для Мачалава 2 гады «хіміі».

Адвакаты Андрэй Мачалаў (злева) і Міхаіл Баднарчук (справа). Менск, Беларусь. 20 красавіка 2021 года.
Фота: Белсат

Да 10 гадоў калоніі пагражае Уладзіміру Мацкевічу – беларускаму філосафу і метадолагу, тэлевядоўцы і жорсткаму крытыку Лукашэнкі.

У лютым палітвязень абвесціў галадаванне з патрабаваннем скончыць следства і вызваліць яго пад падпіску аб нявыездзе. Мацкевічу інкрымінавалі грубае парушэнне грамадскага парадку, стварэнне экстрэмісцкага фармавання і абразу прэзідэнта.

Надзея Лучанок, дачка Уладзіміра Мацкевіча, каментуе:

«Вось сёння было вельмі доўгі пасяджэнне, заслухоўваліся сведкі з боку Уладзіміра. Паводле словаў калегаў, якія хаця б мімалётна яго бачаць, выглядае ён добра, добра трымаецца, вельмі радасна рэагуе на людзей».

У горадзе Маларыта пачалі судзіць беларуску, якая даслала ліст у Следчы камітэт. Між іншага Людміла Рамановіч напісала, што Лукашэнка «узурпуе ўладу». У Берасцейскім ізалятары ёй далі статус «экстрэмісткі», на шпацыр выводзяць з сабакамі.

Праваабаронца Раман Кісляк кажа:

«Я лічу, што гэта абсалютна незаконна з пункту гледжання міжнароднага права. Гэта становіцца ў адзін шэраг з тым, як падчас Другой сусветнай вайны немцы стыгматызавалі габрэяў і іншых чальцоў гета».

Заўтра ж пачуем прысуд па гучнай справе аб забойстве супрацоўніка КДБ Дзмітрыя Федасюка. Як саўдзельніцу, судзяць Марыю Успенскую – удаву IT-менеджара Андрэя Зельцара, які адкрыў агонь па супрацоўніках КДБ, якія ўварваліся ў ягоную кватэру.

Юлія Цяльпук, «Белсат»