Беларускі крызіс застаецца сярод галоўных тэмаў міжнароднай палітыкі


Брытанскі парламентарый стаў «хросным бацькам» Дар‘і Чульцовай, асуджанай журналісткі «Белсата». Гэта старшыня Парламенцкай групы па Беларусі ў Брытанскім парламенце Тоні Лойд. Былы кіраўнік місіі АБСЕ на выбарах у Беларусі ўзяў прыклад з дэпутатаў іншых еўрапейскіх краінаў, якія такім чынам апякуюцца лёсам канкрэтных палітзняволеных.

А крызіс у Беларусі застаецца сярод галоўных тэмаў міжнародных перамоваў.

Рэжым Аляксандра Лукашэнкі ператварыў нелегальную міграцыю ў зброю і вядзе гібрыдную вайну супраць Еўразвязу, сцвярджаюць улады Літвы. Вільня ўзмацняе бяспеку сваіх межаў, бо сёлета з Беларусі яе нелегальна перакрочылі 400 чалавек. А за ўвесь 2020 год нелегалаў было ўсяго 80.

«Мы нават бачым анекдатычныя сведчанні таго, як працаўнікі Беларускага памежнага камітэту хаваюць сляды ног на мяжы як доказ, проста каб сказаць нашым афіцэрам: Не, гэта не з нашага боку хтосьці ішоў», – распавяла на мяжы прэм‘ер-міністр Літвы Інгрыда Шыманіце.

Як распавёў міністр замежных справаў Літвы Габрыелюс Ландсбергіс, дзяржаўнае прадпрыемства «Цэнтркурорт», якое належыць Кіраўніцтву справамі Лукашэнкі, дастаўляе нелегалаў з Іраку ў Літву праз Менскі аэрапорт, прадаючы ім пакетныя туры ад Багдаду да беларуска-літоўскай мяжы. Цяпер у Менску нелегальнага прарыву ў Еўразвяз чакае 1000 іракцаў і сірыйцаў, інфармуе міністр.

«Мы не дазволім ніякай краіне на мяжы з Еўразвязам – ці Турцыі, ці Беларусі, ці каму-кольвек – выкарыстоўваць міграцыю як сродак ціску на Еўразвяз у сэнсе стварэння плыняў міграцыі ў дзяржавы Еўразвязу. Мы гатовыя паспрабаваць дапамагчы, наколькі можам, людзям у бядзе, але мы не прымаем і не будзем прымаць, што нас ці Еўразвяз агулам шантажуе іншая краіна, шантажуе міграцыяй», – заявіў падчас брыфінгу з літоўскім калегам міністр замежных справаў Грэцыі Нікас Дэндыяс.

Еўразвяз накіраваў у Літву падмогу – працаўнікоў агенцтва аховы знешніх межаў «Фронтэкс». А літоўскія вайскоўцы разгарнулі ля беларускай мяжы намётавае мястэчка для часовага ўтрымання часткі нелегалаў.

«Гэта не выпадковасць, улічваючы, што спадар Лукашэнка пагражаў дзяржавам Еўразвязу, што іх захлыне хваля наркотыкаў і мігрантаў. І вось праз пару тыдняў мы бачым рэзкі рост нелегальнага перасячэння мяжы», – нагадвае Інгрыда Шыманіце.

Пагрозы прагучалі падчас звароту Лукашэнкі да Савету Рэспублікі пасля таго, як ён атрымаў жорсткую рэакцыю Захаду на перахоп авіярэйсу Афіны – Вільня. Пасля прымусовай пасадкі самалёта «РаянЭйр» у суправаджэнні беларускага знішчальніка, узброенага ракетамі «паветра – паветра», у Менску з рэйсу знялі і пасадзілі ў ізалятар КДБ блогера Рамана Пратасевіча і ягоную дзяўчыну Соф‘ю Сапегу.

«Тое, што зрабіў рэжым Лукашэнкі, – гэта акт пірацтва, і гэта вельмі моцна ўдарыла па беларуска-грэцкіх стасунках. І я паўтару: гэта не тое, што мы дазволім рабіць. Самалёт з грамадзянамі Грэцыі вылецеў з Афінаў у Вільню, яго прымусова пасадзілі ў Менску, і пасажыр быў выкрадзены. Яго мусяць вызваліць тэрмінова», – запатрабаваў Нікас Дэндыяс.

Кампанія «РаянЭйр» не падтрымлівае доўгатэрміновай забароны еўрапейскім авіялініям карыстацца беларускай паветранай прасторай, заявіў сёння дырэктар кампаніі. Аблёт Беларусі дорага каштуе, таму мусіць быць палітычнае развязанне крызісу. Разам з тым…

«Мы не можам мець сітуацыю, калі авіялініі, авіярэйсы, нашыя кліенты і нашыя грамадзяне трапляюць пад рызыку захопу і выкрадання – перахопленыя падманам», – заявіў Майкл О’Ліры, кіраўнік «RYANAIR».

Што рабіць з палітычным крызісам у Беларусі, учора абмяркоўвалі на саміце НАТО, а сёння – на саміце Еўразвяз – ЗША. І Беларусь – адное з ключавых пытанняў заўтрашняй гістарычнай і напружанай сустрэчы Джо Байдэна і Уладзіміра Пуціна ў Жэневе. Прэзідэнт ЗША ўжо ў Швейцарыі.

«Калі Пуцін выбера не супрацоўнічаць і дзейнічаць так, як раней, адносна кібербяспекі і ў некаторых іншых справах, тады мы яму адкажам. Адкажам пэўным чынам. Мы мусім вырашыць, дзе нашыя супольныя інтарэсы ды інтарэсы ўсяго свету, каб супрацоўнічаць. І пабачым, ці зможам гэта зрабіць. А ў сферах, дзе мы не пагаджаемся, вызначым чырвоныя лініі», – патлумачыў Джо Байдэн.

Сёння ж у Камітэце замежных справаў парламенту Вялікай Брытаніі выступіла Святлана Ціханоўская.

«Відавочна, што крызіс у Беларусі паглыбляецца, і адзіны шлях выйсця – новыя выбары. І мы запрашаем усіх блізкіх і далёкіх суседзяў: Польшчу, Літву, Расею, Украіну – усіх зацікаўленых, да ўдзелу ў арганізацыі перамоваў, Круглага стала, каб знайсці выйсце з сітуацыі«, – заявіла Святлана Ціханоўская брытанскім парламентарыям.

Беларуская лідарка ўзяла ўдзел у онлайн-слуханнях у справе крызісу ў Беларусі ды інцыдэнту з захопам самалёта «РаянЭйр».

Яраслаў Сцешык, «Белсат»