У Расеі затрымалі беларускага доктара Уладзіміра Мартава


Аператыўнікі крымінальнага вышуку Расеі затрымалі ў Мурыне Ленінградскай вобласці беларускага доктара з 30-гадовым стажам Уладзіміра Мартава. Падчас пандэміі каронавіруса ён загадваў рэанімацыйным аддзяленнем у Віцебскім шпіталі хуткай медычнай дапамогі. Адкрыта агучваў праблемы арганізацыі лекавання хворых на ковід.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Я ж не проста так выступіў. Я гляджу, што інфармацыйны вакуум. Ніхто нічога не тлумачыць, не паведамляе. І людзям патрэбная інфармацыя, і нам самім трэба штосьці прагаворваць, трэба знаходзіць пляцоўкі для абмеркавання. І кожны мой выступ суправаджаўся ці міні, ці вялікім скандалам», – тлумачыў Уладзімір Мартаў у 2021-м годзе.

Між іншага ў пачатку 2021-га Уладзімір Мартаў апублічыў перабоі з пастаўкамі кіслароду ў сваім аддзяленні. Паводле яго, праз гэта памерлі некалькі асобаў, падлучаных да апаратаў штучнай вентыляцыі лёгкіх. Лукашэнка, наведваючы шпіталь у Маладзечне, згадаў праблемнага доктара.

«Калі гэта чарговая палітыка – трэба на месца ставіць», – загадаў Лукашэнка.

Ужо ў наступным месяцы доктару Мартаву не працягнулі кантракту. Пасля гэтага ён пачаў выпускаць свой падкаст «На вайне з ковід-19». У 2022-ім пасля адміністратыўнага арышту за нібыта парушэнне парадку правядзення масавых акцыяў Уладзімір Мартаў з’ехаў з Беларусі.

«Дзялення сёння практычна няма паміж МУС РБ і МУС РФ. Нашыя падначаленыя, нашыя калегі, кіраўнікі службаў асабліва ў памежных раёнах працуюць у цеснай звязцы», – падкрэсліваў міністр унутраных справаў Беларусі Іван Кубракоў падчас сустрэчы з расейскім калегам Уладзімірам Калакольцавым.

Выданне «Медиазона» склала спіс беларусаў у вышуку ў Расеі. Агулам у базе расейскага Міністэрства ўнутраных справаў журналісты знайшлі больш за тры тысячы грамадзянаў Беларусі. Ёсць у гэтым спісе і Уладзімір Мартаў.

Уладзімір Мартаў.
Фота: Белсат

У Беларусі доктару завочна выбралі меру стрымання ў выглядзе арышту. Паводле выдання «78.ru», яго вінавацяць у стварэнні экстрэмісцкай супольнасці. Пытанне экстрадыцыі ў Беларусь з Расеі мае вырашаць суд, як гэта было з Янаю Пінчук, якую перадалі ўладам Беларусі, не зважаючы на пярэчанні міжнароднай праваабарончай супольнасці.

«Адзіная магчымасць, на мой погляд, зрабіць так, каб экстрадыцыя не адбылася. Гэта калі сапраўды ў Беларусі будзе нейкі артыкул, якога ў Расейскай Федэрацыі ўсё яшчэ няма. Такое адбываецца вельмі рэдка. Гэта называецца прынцып двайной крыміналізацыі. Калі тое, у чым абвінавачваецца чалавек у адной краіне, павінна зʼяўляцца злачынствам у другой», – тлумачыць сябра чэшскай Палаты адвакатаў Алесь Міхалевіч.

Але на практыцы часта затрыманага перадаюць беларускім спецслужбам увогуле без суда, кажа адвакат. Гэтак, да прыкладу, перадала з Расеі затрыманага юрыста Юрыя Зянковіча ці чэмпіёна свету па тайскім боксе Аляксея Кудзіна. Што ж рабіць беларусам у выпадку небяспекі? Калі няма іншай магчымасці, як выехаць у Расею, то трэба пастарацца не фіксаваць там сваіх звестак.

«Калі будзеце працаваць па сваіх дакументах, калі вы будзеце фігураваць у расейскіх базах мабільных тэлефонаў, калі будзеце фігураваць у расейскіх базах плацельшчыкаў сацыяльнага страхавання, рэгістравацца індывідуальным прадпрымальнікам – вас знайсці будзе вельмі лёгка», – кажа Алесь Міхалевіч.

Таму больш бяспечна выязджаць у краіны, якія не маюць з Беларуссю агульных крымінальных базаў: да прыкладу, у Грузію ці Турцыю.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»