Браты Карычы звілі сямейнае гняздо на беларускіх грошах


Зараблялі ў Беларусі – купілі элітнае жытло ў Дубаі. Сям’я прывілеяваных Лукашэнкам сербскіх бізнесоўцаў – братоў Карычаў – вывелі грошы ў ААЭ. Такое расследаванне апублікаваў Беларускі расследавальніцкі цэнтр. Пры падтрыманні шэрагу міжнародных арганізацыяў і групы «Беларускія Кіберпартызаны» журналісты прасачылі рух сродкаў і зрабілі выснову, што ў 2020 годзе гаманцы Лукашэнкі прадалі беларускія фірмы на Кіпры, а выручаныя грошы гэтак і не трапілі ў бюджэт.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Будаўніцтва маштабнага жыллёвага комплексу «Менск Мір», за якое 10 гадоў таму ўзялася кампанія «Дана Астра» сербскіх бізнесоўцаў Багалюбу і Драгаміру Карычаў, сяброў Лукашэнкі.

Сямʼя Карычаў ашчадзіла каля мільярду долараў толькі ў дывідэндах, бо зямлю пад забудову на некалькіх выдзелах атрымала ад Лукашэнкі бясплатна, а ў дадатак – ільготы, якіх не бачыў аніводзін беларускі забудоўнік. Цяпер журналісты Беларускага раследавальніцкага цэнтру паказалі, што 4 гады таму Карычы зарабілі € 700 млн на продажы ў Арабскія Эміраты зарэгістраваных на Кіпры беларускіх фірмаў. Частка грошай пайшла на набыццё прынамсі шасці кватэраў у Дубаі.

«Чальцы іхных семʼяў куплялі сабе гэтыя кватэры на свае імёны. Набывалі гэтыя кватэры бадай што ў самым люксавым месцы Дубаю – гэта штучная паўвыспа “Палм-Джумэйра”. Гэта не дамы, не вілы. Яны каштуюць ад паўмільёна да крыху больш чым мільёна долараў», – кажа кіраўнік Беларускага расследавальніцкага цэнтру Станіслаў Івашкевіч.

Расследавальнікі падкрэсліваюць, што так званыя «гаманцы» Лукашэнкі атрымліваюць сотні мільёнаў у выніку непразрыстых угодаў з беларускім дыктатарам. Выдаткі ж маюць досыць сціплыя.

«Узнікае пытанне ці ім сапраўды належаць прыбыткі ад усіх тых прывілеяў, якія грунтуюцца на тым, што Аляксандр Лукашэнка дае ім магчымасць альбо не даплочваць у бюджэт альбо накладаць дадатковыя грошы на беларусаў», – закідвае падазрэнні на адрас Лукашэнкі Станіслаў Івашкевіч.

Браты Карычы з Лукашэнкам.
Фота: udf.name

Фота і 3D макеты гэтых апартаментаў і іншыя звесткі БРЦ атрымаў дзякуючы выцеку пра нерухомасць у Дубаі ў 2020-22 гадах, паводле праекту «Дубай-анлокт». Журналісты лічаць, што «Дана Холдынг» – бенефіцыяр новага будаўнічага праекту сталіцы «Паўночны бераг» (а гэта выдзел 15 км2).

«У іх не проста супер паўнамоцтвы і шыкоўная зямля пад пабудову выключна паводле іхных умоваў. Мала гэтага, да адмысловага ўказу ёсць дапаўненне, у якім абазначаны радыус каля 10-15 кіламетраў, у якім забароненая любая забудова будынкамі офіснага прызначэння без наўпроставага ўзгаднення з інвестарам».

Лукашэнка ў гонарам называе кампанію «Dana Holdings» самым вядомым у Беларусі забудоўнікам і цвердзіць, што офісы, цэнтры і жытло будуюць якасна. Жыхары таго ж «Менск Міру» не згодныя:

«Упала вакно проста. Я не ведаю… Проста зляцела з петляў ці яшчэ нешта».

«Зайшла і ўбачыла, што дзверы на гаўбец валяюцца збоку. Чуваць гул аўтамабіляў і ў кватэры вельмі прахалодна».

«Хлопцы захапіліся, прасвідравалі лішнюю адтуліну ў восі перакрыцця. Але больш цікава тое, як гэта ўсё было выпраўленае».

На сустрэчы з братамі Карычамі ў 2015-ым Лукашэнка настойваў, што «праваліць праект яны не маюць права». Сам – дазволіў гэта рабіць:

«Няма працэдуры тэндараў, калі зніжаюцца нарматывы ў горадабудаўнічай дакументацыі і могуць не супадаць з агульнапрынятымі. І не дзіўна, што пад эгідаю “давайце мы ўсё зробім танней для людзей “мы можам згуляць не толькі на якасці ўнутры кватэры, але размова таксама пра арганізацыю гарадской прасторы. Гэта скарачэнне парковачных месцаў, зялёных зон і гэтак далей».

Былая дэпутатка Менгарсавету таксама адзначае, што гэтыя абʼекты не праходзілі праз дэпутатаў і праз грамадскія слуханні.

Юлія Цяльпук, «Белсат»