«Пул Первого» паказаў Лукашэнку


Голас асіплы, але Лукашэнка з’явіўся на відэа ў тэлеграм-канале «Пул первого» і адразу на працы – заслухаў справаздачу пра арганізацыю паветранай абароны.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Я толькі ўражаны, што гэта зрабілі на сёмы дзень. Напэўна, ляглі на стол пэўных кіраўнікоў усе аналітычныя запіскі: што абмяркоўваецца ў прэсе, што абмяркоўваецца ў сацыяльных сетках. І тут ужо, нягледзячы на ніякі стан, хоць тушкай, хоць птушкай, паўмёртвы, паўжывы ці які – павінен паказацца ў тэлебачанні, павінен паказацца, што жывы-здаровы», – каментуе палітычны аглядальнік Віталь Цыганкоў.

Але бінт на руцэ застаецца, праўда, ужо не на правай, як 9 траўня, а на левай. Паводле выдання «Наша Ніва», ён можа сведчыць пра патрэбу ў кропельніцы. А пад мундзірам з пагонамі выданне заўважае абрысы камізэлькі.

«Ніхто не даваў цвёрдых гарантыяў, што сапраўды здароўе ў такім кепскім стане, што ўжо мы яго больш не ўбачым. Узялі і вылечылі. У даным выпадку гэта таксама не азначае, што цягам наступных некалькіх тыдняў ці месяцаў не можа быць ізноў нейкага абвастрэння», – кажа Віталь Цыганкоў.

Афіцыйнай інфармацыі пра стан здароўя дыктатара так і не зʼявілася. Намеснік кіраўніка думскага камітэту ў справах СНД Канстанцін Затулін паведаміў, што ведае, на што хварэе Лукашэнка, але дыягназу не называе. Прэс-сакратар прэзідэнта Расеі Дзмітрый Пяскоў інфармацыі не пацвердзіў:

«Ніякіх такіх афіцыйных паведамленняў з боку Менску не было. І мы думаем, што арыентавацца трэба менавіта на афіцыйную інфармацыю».

Тым часам, паводле Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, у Лукашэнкі – інфекцыйна-алергічны міякардыт. Гэта запаленчае паражэнне сэрцавай цягліцы. Калі дыягназ праўдзівы, магчымасць смяротнага выніку – 1-2 адсоткі, паведаміў нам доктар медычных навук, загадчык кафедры інфекцыйных хваробаў НУАЗ ва Украіне Аляксандр Дуда:

«Тут своечасовая дыягностыка, своечасова пачатая тэрапія. Лячэнне – нармалізацыя сэрцавага рытму. Калі нармалізаваны гэты паказнік, тады мы кантралюем фракцыю выкіду сэрцавую. Калі яна нармальная, шанцы выжыць нашмат большыя».

Дэмакратычныя сілы Беларусі паведамляюць, што плануюць дзеянні на выпадак смерці дыктатара. «BYPOL» ужо заяўляў пра канкрэтны план, якім з медыямі падзяліцца не могуць.

«Мы абмяркоўваем план, што рабіць, калі з ім здарыцца нешта не так. Таму што гэта прывяло б да хаосу ў рэжыме, і гэта будзе момант, калі мы зможам пачаць больш рашучыя дзеянні ўнутры Беларусі», – падзялілася абраная прэзідэнтка Беларусі Святлана Ціханосўкая.

Паводле ж механізмаў ураду, у выпадку натуральнай смерці Лукашэнкі ягоныя паўнамоцтвы мусяць перайсці старшыні Савету Рэспублікі – Наталлі Качанавай. Палітолаг Дзмітрый Балкунец распавядае:

«Што б з ім ні адбывалася, відавочна, што гэта набліжае палітычны транзіт. Я б звярнуў увагу ўсё ж на персону Наталлі Качанавай, якая штодзённа наведвае беларускія прадпрыемствы, заводы, фабрыкі, з моладдзю сустракаецца, праводзіць нейкія шматгадзінныя сустрэчы. Мне падаецца, што гэта чалавек, якога Лукашэнка сам выбраў на пераемніка».

Яшчэ адна версія палітолага – Лукашэнку маглі атруціць. Калі б дыктатара забілі, паўнамоцтвы атрымлівае Савет бяспекі, у краіне абвесцілі б ваеннае становішча.

Яна Шэк, «Белсат»