Беларускі рэжым раз'ядноўвае семʼі


«Сюды трапіць – значыць трапіць у пекла». Што кажуць палітзняволеныя аб умовах за кратамі, і як змянілася жыццё іхных сваякоў?

З Міхаілам Валерыя пражыла шмат гадоў, нарадзіла дзвюх дачок, пра вяселле дзяўчына не марыла. Але калі Міхаіла пасадзілі, пастанавіла, што заяву ў ЗАГС падаваць усё ж трэба. Вяселле ў СІЗА было сціплым. Валерыя надзела белы гарнітур, муж прыйшоў у швэдры і спартовых нагавіцах.

«Прысутнічаў толькі канваір, дзяўчына-рэгістратар – прыемная вельмі. Яна паспрабавала зрабіць усё гэта ўрачыста. З прыемнымі пажаданнямі, прыемнымі словамі. Таксама, напэўна, як і ў ЗАГСе» – успамінае сваё вяселле Валерыя Латаш.

Вось толькі сапраўдным сямейным жыццём пара зажыве адно праз 4 гады, калі Міхаіла выпусцяць на волю. Але, дзякуючы штампу ў пашпарце, Валерыя зможа бачыцца з Міхаілам на турэмных спатканнях.

Карыне Чакур крыху прасцей, калі так можна сказаць. З мужам ды іншымі сваякамі можа размаўляць у любы момант, але толькі дыстанцыйна.

За ўдзел у акцыях пратэсту дзяўчыну адлічылі з Акадэміі мастацтваў. Каб працягнуць навучанне, Карыне прыйшлося з’ехаць у Варшаву. Кажа, што наагул у эміграцыі адчувае сябе камфортна. Адзінае – сумуе па родных. І ў радасныя, і ў цяжкія моманты хоча быць з імі побач.

«Вельмі балюча тое, што ты не побач. Ты адчуваеш, што ў такія моманты ты павінен быць там, але ты не можаш. Вось гэта – самае цяжкае» – кажа Карына Чакур.

А вось Генадзь Касьян сваю сястру Наталлю Хершэ можа цяпер бачыць толькі на фотаздымках і рэдкіх турэмных сустрэчах. Жанчыне далі два з паловаю гады калоніі за тое, што яна нібыта сарвала маску з міліцыянта і падрапала яму твар.

«Наталля трымаецца даволі бадзёра, нягледзячы на тыя ўмовы, у якіх яна застаецца, – вельмі цяжкія. Захоўвае нейкі аптымізм, бярэ недзе моц, адкуль – не ведаю, каб верыць, што некалі ўсё гэта скончыцца» – кажа Генадзь Касьян.

Пра турэмнае жыццё сястра піша ў лістах. Падрабязна распавядае, як праходзіць кожны ейны дзень і з якімі цяжкасцямі ёй даводзіцца сутыкацца. Часта жартуе. Але некаторыя радкі ўсмешку з твару брата прыбіраюць.

«Сюды трапіць – значыць трапіць у пекла» – цытата з ліста ад Наталлі Хершэ.

Міхаіл Прановіч, «Белсат»