Цэментавыя заводы працуюць са стратамі


Дзяржава дапаможа стратным цэментавым заводам, але не задарма – на суму дапамогі павялічыцца дзяржаўная доля ў іх устаўных фондах. Прадпрыемствы холдынгу «Беларуская цэментавая кампанія» завяршылі мінулы год з чыстай стратай дзвесце дзесяць мільёнаў рублёў, гэта ўдвая больш, чым у папярэднім 2022-м.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Асноўная прычына, чаму беларускія цэментавыя прадпрыемствы ў стратах, – гэта фінансавыя выдаткі. Як правіла, гэта выплаты па раней узятых крэдытах на мадэрнізацыю, калі б іх прыбраць, яны маглі б перыядычна выходзіць і ў прыбытак», – кажа кіраўнік Беларускага расследавальніцкага цэнтру Станіслаў Івашкевіч.

У холдынг «Беларуская цэментавая кампанія» ўваходзяць тры цэментавыя заводы ў Касцюковічах, Крычаве на Магілёўшчыне ды ў Краснасельскім на Гарадзеншчыне. А таксама іх філіялы. Агулам ад дзяржавы яны атрымаюць больш за трыццаць мільёнаў дапамогі ў абмен на акцыі.

«Падтрымка дазваляе працаваць, паказваць валавыя паказнікі, расце ВУП, выплочваецца заробак, ствараецца бачнасць, што ўсё добра», – кажа экспертка цэнтру эканамічных даследаванняў BEROC Настасся Лузгіна.

У мадэрнізацыю цэментавых заводаў дзяржава ўжо ўкладала сродкі – у 2012-2013 гадах. Паводле Камітэту дзяржкантролю, выдаткавалі на гэта больш за мільярд долараў, выкарыстоўваючы, сярод іншага, і айчынныя ды кітайскія крэдыты. Пасля мадэрнізацыі магутнасць трох заводаў нібыта вырасла больш як удвая. Але летась кіраўніцтва холдынгу агучвала больш сціплыя лічбы – каля пяці мільёнаў тонаў цэменту штогод.

Калі мадэрнізацыю пачыналі – была выгадная кан’юктура расейскага рынку, кажа Станіслаў Івашкевіч:

«Праблема ў тым, што гэта рабілася вельмі павольна і неэфектыўна. І да таго часу, пакуль самі зрабілі, ужо расейскія прыватнікі зарыентаваліся і запоўнілі рынак. І Беларусь замест таго, каб увайсці на пустую нішу, да таго часу, калі скончыла мадэрнізацыю, зайшла на высокаканкурэнтны рынак».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Стары цэментны завод у Крычаве.
Фота: krichevlive.by

Такой жа дарагой і правальнай была і мадэрнізацыя дрэваапрацоўчай галіны. На паспяховасць яе, да таго ж, паўплывалі санкцыі, распачатыя Захадам супраць Беларусі за дапамогу Крамлю ў вайне з Украінаю. Кепскія справы і ў галінах, якімі традыцыйна беларуская эканоміка была моцная, прызнаў на мінулым тыдні Лукашэнка:

«Чаму скараціліся абʼёмы выпуску лядоўняў, трактароў, пагрузчыкаў больш чым на чвэрць прасеў “Бабруйскаграмаш”. Толькі на дванаццаць адсоткаў у 2023-м быў загружаны “Менскі падшыпнікавы завод”».

Моцна скараціліся і абʼёмы экспарту, заявіў Лукашэнка. У тым ліку – праз канкурэнцыю Кітаю. Скардзіўся на гэта і міністр прамысловасці Аляксандр Рагожнік. Чыноўнік заявіў пра планы пераарыентаваць экспарт тэхнікі на афрыканскі рынак.

Але такія спробы прадаць штосьці беларускае ў краіны Афрыкі, Іран ці Нікарагуа натыкаюцца на цяжкасці, бо нікому, апроч Расеі, нашая прадукцыя не патрэбная, сцвярджае Аляксандр Кныровіч у праграме «Атма$фера» на «Белсаце»:

«Яны з таго боку, вядома, гатовыя браць. Адзіны нюанс – бясплатна. А за грошы і акрамя нас ёсць ахвочыя прадаць. І цікавейшае за наша з гледзішча якасці».

Да таго ж у самой Расеі пасля спаду, звязанага з уварваннем ва Украіну і санкцыямі, эканоміка выправілася, кажуць адмыслоўцы. І патрэба ў беларускіх таварах знізілася.

«Па-першае, свае вытворцы ў Расеі пачынаюць развівацца, плюс прыходзяць тыя ж кітайцы, якія і па кошце і, цалкам магчыма, па якасці могуць канкураваць з беларускімі вытворцамі. І тут ужо дзее рынак», – тлумачыць Настасся Лузгіна.

Напрыклад, продажы ў Расею беларускіх аўтобусаў МАЗ, якія шматразова гарэлі ў расейскіх гарадах, сёлета ў першым квартале скараціліся на дваццаць восем адсоткаў у параўнанні з адпаведным леташнім перыядам.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»