Амбасада ў Ізраілі не папярэдзіла беларусаў пра напад Ірану


«Беларусь глыбока занепакоеная эскалацыяй сітуацыі ў блізкаўсходнім рэгіёне». Гэтак лукашэнкаўскі МЗС 14 красавіка пракаментаваў атаку Ірану на Ізраіль.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

У замежнапалітычным ведамстве ўдакладнілі, што Беларусь «паслядоўна выступае за мірнае ўрэгуляванне канфлікту на Блізкім Усходзе палітычна-дыпламатычнымі сродкамі». Аднак на сайце амбасады нашай краіны ў Ізраілі – цішыня. Апошняя навіна датаваная 7 красавіка і прысвечаная ўдзелу амбасадара Беларусі ў святкаванні Дабравешчання ў Назарэце.

«Мы прывыклі не спадзявацца на беларускую амбасаду ў такіх выпадках. І ніякіх папярэджанняў, наколькі мне вядома, не было. Ні я, ні мая маці, якая немалады чалавек ужо, ні мае знаёмыя беларусы – ніхто ад беларускай амбасады не атрымліваў ні СМС, ні тэлефанаванняў, нічога», – кажа грамадзянка Беларусі ды Ізраілю, журналістка «detaly.co.il» Дар’я Гершберг.

Тэлефануем консулу Беларусі ў Тэль-Авіве і пытаемся, чаму нашая амбасада не паклапацілася пра бяспеку ўласных грамадзянаў. Чуем адказ:

«Вы гэтак жа, як і я, і мы тут выконваем рэкамендацыі службы тылу. Нічога новага, як вы разумееце, беларускае пасольства ці якое іншае прыдумаць не можа».

Дыпламат не схлусіў, што ўсе людзі, якія цяпер у Ізраілі, мусяць выконваць рэкамендацыі службы тылу. Аднак няпраўда, што іншыя амбасады нічога новага не могуць прыдумаць. Напрыклад, амбасада Злучаных Штатаў у сувязі з напружанаю сітуацыяй апублікавала на сваім сайце зварот да амерыканцаў яшчэ 11 красавіка.

І ўсё ж – дзе беларусы могуць знайсці актуальную інфармацыю ад пасольства сваёй краіны?

«Што тычыцца перасцярог, у нас на Фэйсбуку, значыць, ёсць інфармацыя. Гэта ў адносінах да тых грамадзянаў, якія або знаходзяцца тут, або планавалі паездку. Гэта значыць, гэта рэкамендацыі як раз ацаніць мэтазгоднасць наведвання Ізраілю. Так што вы ў тым ліку сачыце і на Фэйсбуку», – кажа лукашэнкаўскі консул.

Запуск ракеты падчас атакі на Ізраіль. Тэбрыз, Іран. 14 красавіка 2024 года.
Фота: HananyaNaftali / X.com

Але адкрыўшы старонку дыпламатычнага прадстаўніцтва на «Фэйсбуку», бачым толькі рэпост паведамленняў агульнага характару са старонкі МЗС. Дзе, у прыватнасці, гаворыцца наступнае:

«Усім грамадзянам Беларусі, якія плануюць паездкі ў рэгіён у сувязі з неадкладнаю неабходнасцю варта строга ўлічваць сітуацыю і адсочваць афіцыйныя апавяшчэнні авіяцыйных уладаў адносна ўвядзення абмежаванняў на выкарыстанне паветранай прасторы».

То бок беларусы мусяць спадзявацца самі на сябе і шукаць інфармацыю самастойна. Пры гэтым прадставіцца спадар консул не пажадаў:

– Скажыце хоць з кім я размаўляю?

– Вы размаўляеце з консулам.

– А як вас клічуць?

– Гэтага дастаткова, я думаю.

Масаваны абстрэл Ізраілю Іран учыніў уначы з 13 на 14 красавіка. Напад назвалі ў Тэгеране адказам на нядаўняе знішчэнне ў Дамаску іранскага консульства. Ізраіль атакавалі балістычныя і крылатыя ракеты, а таксама беспілотнікі. Іх агульная колькасць – больш за 300 адзінак. 99 адсоткаў з іх Ізраіль і саюзнікі збілі яшчэ за межамі краіны.

Руслан Ігнатовіч, «Белсат»