Савецкае шоў у Горадні


Амаль праз сем месяцаў рамонту ў Горадні аднавіўся транспартавы рух па Новым мосце. Не абышлося без урачыстасці: з нагоды адкрыцця пераправы ўлады зладзілі цэлае свята. Праўда, тэма імпрэзы аказалася вельмі спецыфічнаю.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Салют у колерах дзяржаўнага сцяга, чырвоныя транспаранты з заклікам да НЭПу – Навесці элементарны парадак, салдацкая ўніформа і парад рэтратэхнікі. Шоу ў савецкім стылі прайшло ў Горадні. Такім чынам мясцовыя чыноўнікі адзначылі адкрыццё маста праз Нёман пасля больш як паўгода рэканструкцыі.

«Задача была не толькі ў тым, каб адкрыць тут мост, але і паказаць, што ў Горадні так адбываецца, што тут мы перамаглі. Таму што адкрыць мост можна было проста з пераразаннем чырвонай стужкі і праходу вярхушкі гораду», – мяркуе гарадзенская журналістка Вольга Камягіна.

Паводле праўладных СМІ, на ўрачыстасць сабраліся каля дзвюх тысяч чалавек. Мост праз Нёман закрылі на рэканструкцыю летась у верасні – з таго моманту на ўчастку быў цалкам перакрыты рух. Гэта першы капітальны рамонт маста пасля ягонага будаўніцтва, то бок больш як праз паўстагоддзя.

«Напэўна, палове людзей было проста цікава: нарэшце адкрылі, нарэшце паедзем. Таму што, насамрэч, без гэтага моста ў Горадні былі калапсы аўтамабільныя, заторы. І, гледзячы на твары людзей, асаблівай радасці там не было. Проста папрасілі на прадпрыемствах прыйсці, пагуляць», – кажа Вольга Камягіна.

Паспрачацца за тытул найлепшых масавікоў-забаўнікаў з гарадзенскімі чыноўнікамі могуць берасцейскія. На мінулым тыдні яны арганізавалі ўрачыстае адкрыццё… лавачкі, якую пасля падаравалі жыхарам. Калі берасцейцы радыя лавачцы, то жыхары Лельчыцкага раёну ўдзячныя ўжо за тое, што ў іхных кранах цячэ чыстая вада.

На эпічнае адкрыццё станцыі абезжалезвання вады сагналі бюджэтнікаў і школьнікаў – ім далі ў рукі балонікі і зялёна-чырвоныя сцягі, якімі прымусілі махаць у такт мясцовым зоркам. І калі матывацыю беларусаў браць удзел у такім зразумець цяжка, то матывацыя арганізатараў даволі зразумелая.

«Чыноўнікі – гэта яшчэ большыя закладнікі сістэмы, якія самі сабе не належаць. Як ім скажуць – так і будзе… Гэта ўсё фэйкавае: не стане Лукашэнкі – і ніхто гэтага не будзе падтрымоўваць», – мяркуе блогер і актывіст Андрэй Павук.

Пасля выбараў 2020-га года чыноўнікі вымушаныя падкрэсліваць сваю адданасць рэжыму Беларусі, бо ва ўмовах развязанага ўладамі дзяржаўнага тэрору нават прыналежнасць да вертыкалі не дае гарантыі бяспекі. Гэтак, у пятніцу затрымалі Уладзіміра Якубашку – кіраўніка ячэйкі БРСМ на адным з гарадзенскіх прадпрыемстваў. Прычына – падпіска на гэтак званыя экстрэмісцкія СМІ.

Наста Печанькова, «Белсат»