Расейскі ваенны карабель пайшоў на дно


Міністэрства абароны Расеі паведаміла пра смерць капітана ракетнага крэйсера «Масква» Антона Купрына. Частка экіпажу флагмана Чарнаморскага флоту Расеі дастаўлена ў порт Севастопалю. Пра гэта паведамляюць расейскія інфармацыйныя агенцтвы са спасылкаю на расейскае ваеннае ведамства. У якім стане гэтая частка экіпажу патопленага карабля – і ці наагул яны жывыя?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Так, пад сірэны, сёння сустрэлі ноч і раніцу жыхары ўкраінскай сталіцы, Кіеўскай вобласці дый іншых гарадоў Украіны. Расейцы нанеслі ракетныя і авіяцыйныя ўдары, каб адпомсціць украінцам за патоплены флагман Чарнаморскага флоту. Масква пагражае яшчэ больш бамбіць Кіеў, хаця куды ўжо больш.

«Колькасць і маштабы ракетных удараў па аб’ектах будзе нарошчвацца ў адказ на здзяйсненне кіеўскім нацыяналістычным рэжымам любых атак тэрарыстычнага характару ці дыверсіяў на расейскай тэрыторыі», – запужваў украінцаў прадстаўнік Мінабароны РФ Ігар Канашэнкаў.

Сярод цэляў – завод «Візар» непадалёк ад Кіеўскага аэрапорту Жуляны. На гэтым заводзе распрацоўвалі зенітныя ракеты для комплексаў С-300, але ў Маскве лічаць, што там рабілі і процікарабельныя ракеты «Нептун».

«Каля першай гадзіны ночы да мяне затэлефанаваў мой ахоўнік і сказаў, што нанесеныя авіяўдары. Было 5 авіяўдараў… Дарэчы, тут жылі людзі. На тым паверсе рабочы жыў. Кажуць, што цудам выжыў. Пацярпелі тры асобы», – распавядае Андрэй Сізоў, уладальнік цяслярні па суседству.

Ракетны крэйсер «Масква» затануў напярэдадні пасля трапляння двух украінскіх ракетаў «Нептун». Флагман Чарнаморскага флоту Расеі меў на борце зенітныя ракетныя комплексы, якімі прыкрываў з паветра групоўку расейскіх войскаў у Херсонскай вобласці. А таксама мог забяспечваць высадку дэсанта ў Адэскай і Херсонскай вобласцях.

«Учора адбылася важная падзея. Нашыя Збройныя сілы знішчылі флагманскі карабель агрэсара. Гэтая падзея мусіць застацца ў памяці кожнага», – кажа жыхар Кіева Яўген.

На ўкраінскай пошце ажыятаж – грамадзяне масава купляюць паштовую марку, прысвечаную смеласці ўкраінскіх жаўнераў. Менавіта крэйсер «Масква» паслалі ў вядомым кірунку ўкраінскія памежнікі і марпехі з востраву Змяіны ў адказ на загад здацца ў палон у першыя дні вайны. Пасля таго, як «Масква» пайшла на дно, тыраж маркі вырашылі дадрукаваць – на мільён штук.

«Людзі пытаюць мяне, якая марка будзе наступнай. Пакуль гэта сакрэт, але я перакананы, што наступная марка будзе прысвечаная наступнай вялікай перамозе Украіны», – усміхаецца гендырэктар «Укрпошты» Ігар Смілянскі.

Падбіць элітны карабель Чарнаморскага флоту, пабудаваны ва ўкраінскім Мікалаеве яшчэ ў савецкія часы, гэта сапраўды вялікая перамога. «Масква» даўжынёй 186 метраў мела водазамяшчэнне 11,5 тысяч тон, а штатны экіпаж крэйсера быў 510 чалавек. На сёння вядома толькі пра 58 уратаваных маракоў.

«Масква нават для тых, хто на ёй не бываў, для кожнага была сімвалам. Гэта сімвал нашай моцы, нашай надзеі», – са скрухаю кажа капітан запасу Сяргей Гарбачоў.

У Севастопалі, у акупаваным Крыме, прыхільнікі вайны Расеі супраць Украіны прыносяць кветкі да мемарыялу расейскаму флоту.

«Страта кожнага карабля, асабліва флагмана, гэта трагедыя для ўсіх тых людзей, дзясяткаў тысяч, якія праходзілі на ім службу», – кажа протаіерэй Георгій Палякоў.

Міністэрства абароны Расеі не прызнае, што флагман патапілі ўкраінцы. Там кажуць, што карабель пайшоў на дно ў выніку пажару ад выбуху боепрыпасаў. А што выклікала выбух, пакуль не кажуць.

Агулам за час масаванага нападу на Украіну Расея страціла 20 тысячаў вайскоўцаў, паведамляе Генштаб ЗСУ. Цяжкія баі працягваюцца і ў акружаным Марыупалі.

«Расейскія акупанты працягваюць наносіць авіяцыйныя ўдары па Марыупалю. Для гэтага ўжываюцца бамбавальнікі далёкага радыусу дзеяння Ту-22М3 і бамбавальнікі Су-34 і Су-24М. Сухапутныя сілы праціўніка праводзяць штурмавыя дзеянні ў зоне марскога порту», – заявіў прадстаўнік Мінабароны Украіны Аляксандр Матузянік.

У акупаванай частцы Марыупалю расейцы распачалі эксгумацыю целаў мірных грамадзянаў, пахаваных непасрэдна ў дварах, і ў братэрскіх магілах. Украінскі бок падазрае, што гэта робіцца для прыхавання маштабаў ваенных злачынстваў расейскай арміі, а менавіта свядомых абстрэлаў жылых кварталаў, ды катаванняў і забойстваў мірнага насельніцтва самімі салдатамі.

А ў Кіеўскай вобласці, вызваленай ад акупацыйных войскаў, ужо знайшлі больш за 900 забітых цывільных украінцаў. Гэтая лічба не канчатковая – дагэтуль ратаўнікі разбіраюць завалы ў Макараве і Барадзянцы.

Яраслаў Сцешык, «Белсат»