Антыкультурная палітыка: як займацца мастацтвам у Беларусі?


Ладзіць культурніцкія падзеі ў Беларусі робіцца справай небяспечнай. Закрыццё выставы «Машына дыхае, а я не», прысвечанай медыкам, і арышт арганізатаркі Тацяны Гацуры-Яворскай выклікалі хвалю перасцярог і самацэнзуры ў арт-супольнасці.

Напрыклад, кінафестываль BelarusDocs, які гэтымі днямі меўся адбывацца онлайн, арганізатары пастанавілі перанесці на нявызначаны тэрмін, хоць праграма была ўжо цалкам падрыхтаваная. У ёй, сярод іншых, быў фільм рэжысёра Максіма Шведа «Маршрут перабудаваны», у аснове якога – размовы ў таксоўцы за месяц да прэзідэнцкіх выбараў. А нядаўна на выставе, прысвечанай мастаку Захару Кудзіну, арганізатары адмовіліся ад паказу яшчэ аднаго фільма рэжысёра «Чыстае мастацтва», што яшчэ год таму ішоў у дзяржаўных кінатэатрах.

«Страх, які быў і раней, летам пад ціскам нашых крэатыўных пратэстаў троху адступіў, а цяпер новая хваля, і яна значна цяжэйшая. Я не памятаю, каб я адчуваў сябе аж так прыбітым да зямлі, як цяпер. Але трэба ісці далей», – кажа рэжысёр Максім Швед.

З немагчымасцю выступаць сутыкаюцца і музыкі. У сакавіку забаранілі канцэрт берасцейскага гурта «Дай Дарогу!». Не атрымаў дазволу прэзентаваць новы альбом і гурт «Крама». А хлопцы з «Разбітага сэрца пацана», адседзеўшы ў лютым 15 содняў, пастанавілі ўсім складам з’ехаць у Кіеў.

«Пасля таго, як выйшлі з Жодзіна, падавалі тры заяўкі на гастрольныя пасведчанні і атрымалі тры адмовы. Таму было зразумела, што канцэртнай дзейнасці ў Беларусі ў нас ніякай не будзе, і мы вырашылі пераехаць у Кіеў і паглядзець, як тут у нас будзе складацца», – распавядае музыка гурту «Разбітае сэрца пацана» Павел Гарадніцкі.

Пад цэнзуру ўсё часцей трапляе літаратура. У Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі без тлумачэнняў знялі з праграмы спектакль «Чарнобыльская малітва» паводле твору Святланы Алексіевіч. Кнігу «Сабакі Еўропы» Альгерда Бахарэвіча затрымалі для экспертызы на беларускай мытні. А незалежныя выданні знікаюць з дзяржаўных кнігарняў.

«Нельга не згадаць таксама атаку на кнігавыдаўцоў – выдавецтвы «Янушкевіч» і «Кнігазбор» і кнігараспаўсюдніка Алеся Яўдаху, праца якіх у студзені фактычна была паралізаваная ператрусамі, у іх была вынятая тэхніка і заблакаваныя банкаўскія рахункі. Вядома ж, кніга ў гэтай сітуацыі становіцца тым, чаго ўлады баяцца, і што, відавочна, мае ўплыў на кансалідацыю і фармаванне ідэнтычнасці», – лічыць Таццяна Нядбай, намесніца старшыні Беларускага ПЭН-цэнтру.

Падтрымаць пісьменнікаў і выдаўцоў, якія цяпер перажываюць няпростыя часы, можна, набываючы іхныя кнігі.

Аляксандра Дорская, «Белсат»