Кіраўнік страйкаму МТЗ Сяргей Дылеўскі заклікаў да страйку са Дня Волі


25 сакавіка – Дзень Волі, і каб тую вольнасць здабыць, трэба даслоўна «нічога не рабіць». Кіраўнік страйкаму МТЗ Сяргей Дылеўскі заклікаў рабочых не выходзіць на працу з 25 сакавіка. Двух тыдняў будзе дастаткова, каб зруйнаваць рэжым Лукашэнкі – перакананы ён. Ці гатовыя беларусы страйкаваць?

Канец дня на Менскім трактарным заводзе, кіраўнік стачкаму якога Сяргей Дылеўскі звярнуўся сёння да сваіх калегаў і іншых падаткаплатнікаў:

«З 25 сакавіка не рабіце нічога. Не выходзьце на працу. Не выходзьце на свае прадпрыемствы, не станавіцеся за станкі. І ўсё. Два тыдні будзе дастаткова на тое, каб гэты рэжым задушыў сам сябе».

Сяргей Дылеўскі нагадаў, як ахвярна змагаюцца за перамены тыя, хто трапіў за краты і нагадаў, што «калі мы спынімся, уладам не будзе чым карміць сілавікоў».

Калегі з іншых стачкамаў не ведалі пра ідэю спадара Дылеўскага страйкаваць на Дзень Волі. Напярэдадні на онлайн-сутрэчы з аўтаркаю першага нацыянальнага страйку – Святланай Ціханоўскай, прадстаўнікі аб’яднанага стачачнага руху «Горадня Азоту», «Беларускага металургічнага заводу» і «Нафтану» размаўлялі адно пра наладжванне шчыльнай супрацы, адзіную стратэгію ды працу незалежных прафсаюзаў.

«Калі глядзець у фармаце «Нафтана» і браць пад увагу тое што адбываецца ўнутры стачкі, магу сказаць, што і ў стачку не ўваходзяць людзі паводле нейкага закліку. Я не думаю, што 25 чысла Нафта выйдзе па прызыве «незразумелага» ім чалавека. Бо трэба разумець, што ён вядомы ў сваёй стачцы. У «Нафтане яго не ведаюць», – кажа Ігар Валяеў, прэс-сакратар стачкаму «Нафтану».

На «Нафтане» ў стачцы каля 36 працаўнікоў. На «Беларуськаліі», да прыкладу, больш за 130. Да стачкі на «Гродна Азот», які рыхтуецца да санкцыяў Еўразвязу, сёння далучылася чарговая асоба – Наталля Шавейка, інжынер-хімік з 20-гадовым стажам.

«Я далучаюся да агульнанацыянальнай стачкі да выканання ўсіх патрабаванняў. Я вельмі спадзяюся на тое, што хлусня, баязлівасць, угодніцтва назаўжды сыдуць з нашай Беларусі, а на змену ім прыйдуць смеласць, актыўнасць, згуртаванасць», – сказала яна ў сваім звароце.

Кіраўнік стачкаму МТЗ прапанаваў масавы страйк у перыяд спаду вулічнай актыўнасці, аднак спадзяецца, што ён будзе больш удалым, чым 26 кастрычніка, калі спыніцца заклікала Ціханоўская:

«Нас большасць і мы сіла, з якою трэба лічыцца! Мы сіла, якой хопіць на тое, каб сказаць «Уході!» 26-га кастрычніка я не проста спыняю сваю працу, я спыняю беззаконне і несправядлівасць».

Пасля страйку, які падтрымала толькі частка арганізацыяў, сябры страйкамаў зазналі рэпрэсіі ад зняволення да сістэматычнага ціску. Многія мусілі эміграваць.

«Я думаю, што любое такое мерапрыемства трэба рыхтаваць. Трэба аналізаваць настроі ў працоўным калектыве і мець дастаткова моцную арганізацыю ўнутры. Спадзявацца на тое, што на прадпрыемстве стыхійна ўзнікне настрой… можна, але для гэтага трэба ацэньваць у цэлым сітуацыю ў краіне», – кажа Аляксандр Бухвостаў, старшыня Свабоднага прафсаюзу металістаў.

Ці гатовыя менчукі, сярод якіх працаўнікі МТЗ, цягам 10 дзён сабрацца на чарговы страйк:

«Я супраць забастовак. Я лічу, што вытворчасць павінная працаваць. Палітыка палітыкаю, а вытворчасць – гэта эканоміка».

«Я падтрымліваю, але ў нас наўрад ці шмат хто будзе баставаць, нам не даюць асабліва баставаць. Вось італьянская забастоўка – можа быць».

«У мяне дзяцёнак і я адна, так што… мне ёсць пра што клапаціцца. Усё што я думаю, я не магу сказаць».

Юлія Цяльпук, «Белсат»