35 гадоў таму апошні савецкі салдат пакінуў Афганістан


Вывадам войскаў завяршылася вайна, на якой загінулі больш за 700 ураджэнцаў Беларусі. Тады Масква намагалася ўсталяваць стабільны прасавецкі ўрад у Кабуле. У сучаснай Беларусі вайну, аднак, працягваюць апраўдваць.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Злучаныя штаты ды іх хаўруснікі намагаліся стварыць рэгіён нестабільнасці каля СССР з наступным пераносам баявых дзеянняў на яго тэрыторыю», – заяўляў міністр абароны Беларусі Віктар Хрэнін.

Гэтаксама ідэалагічна апрацоўвалі і савецкіх салдатаў.

«Нам расказвалі гісторыі пра прыгожыя справы, дзіцячыя садочкі, будову дамоў, дапамогу маладой рэвалюцыі. Ды пра тое, што калі б мы не прыйшлі, то ЗША захапілі б тую тэрыторыю на дзень раней за нас», – распавядае Генадзь Манько.

«Гэта проста зручная канспіралагічная тэорыя, якая дазваляе апраўдваць каланіяльную вайну Савецкага Саюзу супраць адной з суседніх краін», – лічыць доктар палітычных навук, дырэктар інстытуту «Палітычная сфера» Андрэй Казакевіч.

За дзевяць гадоў вайны СССР так і не дасягнуў сваіх мэтаў. А сябе, падобна, аслабіў.

Вывад савецкіх войскаў з Афганістана.
Фота: Mikhail Evstafiev (CC BY-SA 3.0 License) / Universal Images Group / Forum

«У другой палове 80-х у СССР была не самая лепшая эканамічная сітуацыя. Таксама Афганская вайна вельмі моцна пагоршыла імідж Саюзу на міжнароднай арэне», – дадаў Андрэй Казакевіч.

Рэжым Лукашэнкі называе тую вайну згодна з савецкаю завядзёнкаю, «выкананнем інтэрнацыянальнага абавязку». Але дапамогу яе ветэранам – скарачае.

«Адзіная ільгота, якая ў мяне захавалася, – гэта бясплатны праезд у грамадскім транспарце. Усё астатняе адабралі», – распавёў удзельнік вайны ў Афганістане Яўген Вільскі.

На думку Яўгена Вільскага, імавернасць, што беларусам ізноў давядзецца ваяваць, не нулявая. Бо Лукашэнкаў саюзнік Пуцін працягвае маштабную агрэсію супраць Украіны.

«Гэта галоўная небяспека, што беларусы зноў апынуцца ўцягнутымі ў нейкую вайну. Зноў будуць ахвяры», – дадае Яўген Вільскі.

Праз Афганістан прайшлі каля трыццаці тысяч беларусаў. Больш за семсот нашых землякоў загінулі на чужой зямлі.

Андрэй Сульжыц, «Белсат»