Рэнэ Фазэль стаў грамадзянінам Расеі


Ездзіў да Пуціна і Лукашэнкі, быў кіраўніком Міжнароднай федэрацыі хакею цягам 27 гадоў. Пры Рэнэ Фазэлю Беларусь двойчы дабівалася права ладзіць чэмпіянат свету па хакеі. Хоць другі чэмпіянат у выніку адабралі.

«Сапраўды Фазэль, як гэта можна выказацца, у двукоссі сябраваў з Лукашэнкам і спрабаваў прадухіліць забарону правядзення матчаў чэмпіянату свету ў Менску. Тады Міжнародная федэрацыя да апошняга збіралася праводзіць чэмпіянат», – узгадвае палітычны аглядальнік Віталь Цыганкоў.

Рэнэ Фазэль прыязджаў у Менск нават пасля фальсіфікацыі выбараў і пачатку масавых рэпрэсіяў у 2020 годзе, кажа Віталь Цыганкоў: «Ужо тады ўзнікалі версіі, якія цяжка абвергнуць пра карупцыйную залежнасць Фазэля ад таго ж Лукашэнкі ці ад Расеі. Далейшыя ягоныя паводзіны, што ён апынуўся ў Расеі, ставіць тлустую кропку на рэпутацыі такіх асобаў».

Падчас таго візіту ў Менск Фазэль сфатаграфаваўся з Дзмітрыем Баскавым, якога падазраюць у датычнасці да забойства Рамана Бандарэнкі. Фота хутка выдалілі, а сам функцыянер сказаў, быццам не думаў, што гэтае фота будзе апублікаванае ў інтэрнэце, і ім проста маніпулявалі.

«Калі мы кажам наконт Фазэля, ён сам усё сказаў, гэтыя абдымкі з Лукашэнкам, гэта была найбуйнейшая памылка ў яго спартовай кар’еры, якая працягвалася вельмі шмат гадоў», – мяркуе спартовы журналіст Яраслаў Пісарэнка.

Сам жа Фазэль пасля сустрэчы з Лукашэнкам апраўдваўся: «Абдымкі з Лукашэнкам былі самаю вялікаю памылкай у карʼеры? Так, я павінен гэта прызнаць. Усё пачалося з добрых намераў, але ўрэшце ўсё пайшло не так. Быў расчараваны? Так. Я, напэўна, быў наіўны. Я думаў, што змагу прынесці карысць. Але мне давялося хавацца на некалькі дзён. Негатыў быў надзвычай вялікі».

Цяпер былы спартыўны функцыянер, а зараз уладальнік расейскага пашпарту зоймецца бізнесам. Вядома, што нядаўна ён атрымаў 54 % расейскай кампаніі Алма Холдынг, якая займаецца вырошчваннем яблыкаў. Астатнія 46 % належаць блізкаму да Пуціна расейскаму алігарху Генадзю Цімчанку.

Андрэй Сульжыц, Белсат