Лукашэнка хоча перавесці дзяржаўныя тэатры на самаакупнасць


Не паспеў міністр культуры Анатоль Маркевіч заявіць пра павышэнне заробкаў дзеячам сферы, як Лукашэнка спрабуе перавесці дзяржаўныя тэатры на самаакупнасць, ствараючы для гэтага немагчымыя ўмовы.

Старая крыўда дыктатара на дзеячаў культуры, якія ў 2020-ым падтрымалі пратэсты, не прайшла бясследна. Лукашэнка раскрытыкаваў план Міністэрства культуры наконт фінансавання тэатраў. І прапанаваў свой.

«Якія вы яшчэ грошы ў мяне просіце? 50% мы даем тэатрам датацыю. Тым тэатрам практычна, якія ў 2020 годзе выступілі за знішчэнне дзяржавы», – заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Згодна з планам Лукашэнкі, беларускія тэатры павінны перайсці на 50-ціадсоткавую самаакупнасць. У такім выпадку з бюджэтных сродкаў вылучаць суму, раўназначную той, якую ўстанова заробіць самастойна. Гэтыя грошы, паводле Лукашэнкі, пойдуць на заробак артыстаў і рэжысёраў, арганізацыю пастановак, гастролі. Лягуць на плечы адміністрацыі тэатру і аплаты камунальных паслуг, заробкі рабочага персаналу, а таксама ўтрыманне будынку.

«Цяжка ўявіць у сённяшняй сітуацыі ў Беларусі, каб нават на 50 адсоткаў выйшла большая частка тэатральных установаў. На сённяшні дзень, калі знішчаны сектар эканомікі, калі эканамічны крызіс у краіне, калі даходы людзей панізіліся, а, галоўнае, няма выключна найлепшага тэатру краіны, бо яго знішчылі рашэннем Лукашэнкі, то, прабачце, хто будзе купляць білеты», – мяркуе экс-міністр культуры Беларусі і былы дырэктар Купалаўскага тэатру Павел Латушка.

Лукашэнка сцвярджае, што раўнадолевае фінансаванне зматывуе работнікаў тэатру рабіць больш паспяховыя спектаклі. Між тым нават пры цяперашняй схеме фінансавання сітуацыя выглядае зусім не весела. Ананімна пра ўмовы працы нам распавялі акторы аднаго з абласных драматычных тэатраў.

«Дэкарацыі, касцюмы, рэквізіт імкнуцца рабіць максімальна таннымі. Пры магчымасці – узяць нешта з падбору або перарабіць са старых спектакляў, гэтым карыстаюцца ў першую чаргу», – распавядае актор аднаго з абласных тэатраў Беларусі.

Не лепей выглядае сітуацыя і з заробкамі артыстаў.

«Маёй акторскай зарплаты хапае толькі на аплату камунальных і іншых рахункаў, застаецца трошкі на ежу. Зразумела, яе не атрымліваецца расцягнуць на месяц», – дадае другі актор.

Рэзка знізілася і наведвальнасць тэатральных пастановак. Гэтак, у 2019-ым годзе колькасць гледачоў Купалаўскага тэатру, паводле Міністэрства культуры, складала 94 тысячы чалавек. За апошнія два гады лік наведнікаў моцна знізіўся.

«Сёння 14 спектакляў, за два гады Купалаўская сцэна ўбачыла больш за 360 спектакляў, наведала каля 70 тысяч чалавек», – заявіў міністр культуры Беларусі Анатоль Маркевіч.

Паводле былога кіраўніка Купалаўскага тэатру Паўла Латушкі, на сумную статыстыку наведання ўплываюць некалькі чыннікаў.

«Тое, што ў тры разы зменшылася наведвальнасць Купалаўскага тэатру звязана з тым, што самая выбітныя лепшыя артысты зышлі з тэатру, што фактычна разбураны рэжымам калектыў – выключны калектыў для нашай нацыянальнай культуры. Людзі ходзяць у лепшыя тэатры, бо яны хочуць пабачыць лепшых артыстаў, лепшыя пастаноўкі, лепшых рэжысёраў… драматургію адпаведную», – мяркуе Павел Латушка.

Таксама папулярныя беларускія артысты – у вымушанай міграцыі. А памагатыя рэжыму і расейскія гастралёры займаюць падмосткі беларускіх тэатраў.

Наста Печанькова, Белсат