30 гадоў мінула з візіту Біла Клінтана ў Менск


30 гадоў таму, 15-га студзеня 1994 года, у Менск прыехаў Біл Клінтан. Гэта быў першы афіцыйны візіт кіраўніка ЗША ў незалежную Беларусь. Паездка праходзіла на фоне нежадання камуністычнай наменклатуры бачыць прэзідэнта Злучаных Штатаў у беларускае сталіцы.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

42-гі кіраўнік Злучаных Штатаў Амерыкі Біл Клінтан падчас афіцыйнага візіту ў 1994 годзе правёў у Менску перамовы з тагачаснымі старшынямі Вярхоўнага савету Станіславам Шушкевічам і ўраду – Вячаславам Кебічам. Вынікам стала матэрыяльная дапамога Беларусі ад ЗША. Клінтан сустрэўся таксама і з прадстаўнікамі апазіцыі, моладдзю ды ветэранамі, наведаў Курапаты.

Эксперты мяркуюць, што візіт 15 студзеня 1994 года быў, без перабольшання, гістарычным.

«На той момант гэта быў вельмі важны візіт. Гэта было як сведчанне, прызнанне ЗША важнасці Беларусі і ў тым ліку сведчанне падзякі за тое, што Беларусь адмовілася ад ядравай зброі», – зазначае палітычны аглядальнік Віталь Цыганкоў.

Візіту Біла Клінтана ў Менск былі не радыя тагачасныя камуністычныя чыноўнікі. Нават чыніліся спробы сарваць сустрэчы. Таму амерыканскія спецслужбы ўзялі на сябе пільнаванне бяспекі.

Зянон Пазняк зарганізаваў візіт у Курапаты:

«Урад быў катэгарычна супраць. КДБ – катэгарычна супраць. Прысылалі некалькі нот у Вярхоўны савет, што Курапаты замінаваныя, была вялікая канфліктная сітуацыя. У рэшце рэшт усе гэтыя спробы КДБ, Кебіча праваліліся, Клінтан прыехаў».

«Гэта быў вельмі важны візіт у сэнсе прызнання суб’ектнасці Беларусі. Мы гаварылі ў першую чаргу пра дэмакратычныя рэформы. І пра тое, што трэба наладжваць стасункі з усімі краінамі», – узгадвае дарадца Святланы Ціханоўскай Аляксандр Дабравольскі.

Адною з тэмаў падчас перамоваў Біла Клінтана ў Менску была ядравая зброя.

«Асноўнае пытанне – гэта вывад ядравай зброі з Беларусі. Мы прасілі каб была кампенсацыя. Мы былі за тое, каб зброю вывесці, але каб была кампенсацыя за ўсю працу, якая павінна быць прароблена», – зазначае Зянон Пазняк.

Дэпутат Вярхоўнага савету Аляксандр Лукашэнка ў 1994 годзе быў супраць візіту прэзідэнта ЗША. Але потым нават рабіў захады дзеля ўсталявання добрых адносінаў з гэтаю краінаю.

Станіслаў Шушкевіч сустракаецца з прэзідэнтам ЗША Білам Клінтанам, 1994 год. Фота svaboda.org

«На пачатку свайго прэзідэнцтва ён прадаў амерыканцам комплекс С-300. Гэта быў самы новы комплекс супрацьракетны. І гэта тады выклікала незадавальненне ў Маскве. Ну, тым не менш, ён тады на гэта пайшоў», – распавёў палітычны аглядальнік радыё «Свабода» Юрый Дракахруст.

Яшчэ эксперт прыгадаў факт выкарыстання Беларусі амерыканскімі войскамі як лагістычнай пляцоўкі падчас вайны ў Афганістане. Але гэта ледзь не адзіныя прыклады паспяховага ўзаемадзеяння дзвюх краінаў. Потым адносіны Беларусі і ЗША рабіліся ўсё горшымі.

«Зараз страчана ўсё, нават у значнай ступені суверэнітэт. Гэта палітыка была супраць беларускага народу, супраць нашай незалежнасці. Гэта палітыка на карысць Масквы», – зазначае Зянон Пазняк.

Як зазначае палітычны аглядальнік Віталь Цыганкоў, цяперашнія крокі лідаркі дэмакратычных сілаў Беларусі Святланы Ціханоўскай у наладжванні адносінаў з ЗША складана пераацаніць.

Першы візіт дэмакратычных сілаў Беларусі ў Злучаныя Штаты адбыўся ў ліпені 2021 года. А ў снежні 2023 быў абвешчаны стратэгічны дыялог «Беларусь-ЗША» на ўзроўні дзяржаўнага ўраду Злучаных Штатаў і Офісу Святланы Ціханоўскай.

«Тое, што па выніках візіту вялікай каманды Ціханоўскай у Вашынгтон была дасведчана такое стратэгічнае партнёрства паміж Вашынгтонам і дэмакратычнымі сіламі Беларусі – гэта безумоўна такі важны і пазітыўны крок», – лічыць палітычны аглядальнік Віталь Цыганкоў.

Эксперт зазначае, што ЗША не бачаць добрай будучыні Беларусі пры Лукашэнку. Вашынгтон будзе дыпламатычна, матэрыяльна і палітычна падтрымліваць беларускія дэмакратычныя сілы і рабіць стаўку на іх.

Аляксандр Дзегцяроў, «Белсат»