Сёння мінуў год ад вынясення жорсткіх прысудаў Сяргею Ціханоўскаму і пяці іншым фігурантам справы


18 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму Сяргею Ціханоўскаму, па 16 – Арцёму Сакаву і Дзмітрыю Папову, Уладзіміру Цыгановічу ды Ігару Лосіку – па 15 гадоў, а Мікалаю Статкевічу – 14 гадоў пазбаўлення волі адмысловага рэжыму. Цяпер такія выракі, на жаль, не здзіўляюць. Год таму яшчэ шакавалі.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Год прайшоў з абвяшчэння выраку, але Сяргей ужо больш за два гады за кратамі. У яго пагаршаецца зрок, ён нядаўна два месяцы запар сядзеў у ШІЗА, вельмі было халодна, хварэў. Нядаўна два разы хацелі перадаць перадачу з медыкаментамі, яе не прынялі», – кажа абраная прэзідэнтка Беларусі і жонка Сяргея Ціханоўскага Святлана.

Ліставацца Сяргей Ціханоўскі можа толькі з дзецьмі і са сваёй маці. Старэйшы сын папрасіў тату, каб пісаў дачцэ лісты друкаванымі літарамі, бо яна сама хоча іх чытаць, кажа Святлана Ціханоўская.

«Дачка чытае сама і вельмі плача. Балюча ёй, я гэта разумею. І натхняю, каб яна малявала паштоўкі рознакаляровымі фламастарамі, бо кажу, што тату не хапае колераў, у яго ўсё шэрае», – кажа Святлана Ціханоўская.

Нядаўна хварэў на ковід і запаленне лёгкіх іншы фігурант гэтай справы – Мікола Статкевіч. Усіх шасцярых фігурантаў у лістападзе Міністэрства ўнутраных справаў занесла ў пералік асобаў, датычных да экстрэмісцкай дзейнасці. Ціханоўскага, Сакава ды Папова яшчэ і перавялі на турэмны рэжым, а Статкевіча – у адзіночную камеру. Палітычным вязням часта ствараюць невыносныя ўмовы ў месцах зняволення, кажа праваабаронца Павел Сапелка.

«Людзі, што ўжо доўгі час былі вядомымі палітычнымі дзеячамі, грамадскімі актывістамі, то канешне, ім цяжка, і адміністрацыя стварае для іх цяжкія ўмовы, пазбаўляючы іх тых невялікіх радасцяў, якія ёсць у зняволенага. Кшталту перадачаў, спатканняў са сваякамі, званкоў родным», – кажа Павел Сапелка.

Паводле праваабарончага цэнтру «Вясна», 1435 чалавек цяпер за кратамі праз палітычныя абвінавачанні, ініцыятыва «Dissidentby» дае лічбу 1717 палітзняволеных.

«Тое, што адбываецца з імі ў калоніях, – гэта прамы вынік агульнай палітыкі ціску на іх. І гэтая палітыка пачалася не тады, калі яны з’явіліся ў калоніі. Яны сталі ахвярамі гэтай палітыкі, яшчэ калі былі затрыманыя», – кажа Павел Сапелка.

А палітычныя працэсы не спыняюцца. У Менскім абласным судзе пачаўся разгляд крымінальнай справы палітзняволенага вайсковага эксперта Ягора Лебядка. Паводле абвінавачвання, ён нібыта спрыяў экстрэмісцкай дзейнасці.

«Дзеля забеспячэння дзейнасці публічнага дэструкцыйнага каналу, інфармацыйную прадукцыю якога суд прызнаў экстрэмісцкімі матэрыяламі, даў інтэрвʼю прадстаўніку названага каналу на тэму правядзення ўзброенымі сіламі РФ спецыяльнай ваеннай аперацыі на тэрыторыі Украіны і ролі ў ёй Беларусі», – гаворыцца ў матэрыялах справы Ягора Лебядка.

Суд жа ў «справе “Чорнай кнігі Беларусі”», пачаты ў панядзелак у Менскім гарадскім судзе, які праходзіць завочна, зрабілі яшчэ і закрытым на пастанову суддзі Наталлі Бугук. Фігуранты справы – Дзмітрый Навоша, Яніна Сазановіч, Данііл Багдановіч, Валерыя Занямонская і Вольга Высоцкая – за мяжою.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»