Галоўчанка заклікаў трасянуць МЗС


«Трасянуць міністэрства, павярнуць яго тварам да актуальных вонкаваэканамічных і вонкавапалітычных задачаў». Такое настаўленне даў гэтак званы прэм’ер Раман Галоўчанка новаму міністру замежных справаў Сяргею Алейніку. Чаго чакаюць лукашэнкаўцы ад новапрызначэнца?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Галоўнае чаканне ад яго – гэта тое, што ён будзе служыць верай і праўдай Лукашэнку. Што яго лаяльнасць мусіць быць бездакорнай. Што ён мусіць падтрымліваць, так, рэпрэсіі супраць беларускага народу, вайну супраць украінскага народу і мусіць быць лаяльным да тых працэсаў, якія, мы бачым, разварочваюцца ў выкананні Расеі супраць беларускай дзяржаўнасці, суверэнітэту і незалежнасці», – дзеліцца думкамі прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінету Валер Кавалеўскі.

У сваю чаргу прызначэнне Алейніка на Захадзе некаторыя ўспрынялі як спробу Лукашэнкі наладзіць кантакты з Еўропай і ЗША. Аднак Галоўчанка паспяшаўся супакоіць сваіх старэйшых братоў:

«Гэтыя высновы робяцца з біяграфіі Сяргея Фёдаравіча. Так, ён шмат працаваў на заходнім напрамку, але так склаўся ягоны лёс. Мы не шукаем шляху на Захад, няхай яны шукаюць шляхі да нас. Не мы рвалі гэтыя сувязі».

Паводле палітолага Валера Карбалевіча, і ад прэмʼера, і ад новага прызначэнца і так мала што залежыць:

«Не Галоўчанка вызначае замежную палітыку ў Беларусі. А замежную палітыку ў Беларусі, як і ўсю астатнюю палітыку, вызначае зусім іншы чалавек. Таму ад таго, што кажа Галоўчанка, як бы гэта мала каму цікава».

Аднак некаторыя апошнія падзеі могуць сведчыць пра актывацыю лукашэнкаўскіх дыпламатаў у заходнім кірунку. 9-га снежня сайт Арганізацыі Абʼяднаных Нацыяў апублікаваў наступную інфармацыю:

«Намеснік міністра замежных справаў Беларусі праінфармаваў генеральнага сакратара, што Беларусь згодная без папярэдніх умоваў на транзіт праз яе тэрыторыю ўкраінскага збожжа для наступнага экспарту з партоў у Літве».

Таксама на сайце ААН падкрэслілі, што афіцыйны Менск дабіваецца транзіту сваіх калійных угнаенняў праз Літву. Дык ці паспрыяе прызначэнне Алейніка паляпшэнню стасункаў з Захадам?

«Рэжым Лукашэнкі не хацеў бы канчаткова спальваць масты на захад і ў гэтым сэнсе прызначэнне Алейніка – гэта такая інвестыцыя ў будучыню. Калі раптам здарацца спрыяльныя ўмовы, то менавіта вось гэты чалавек можа спрабаваць прарубіць вакно зноў у Еўропу», – мяркуе Карбалевіч.

На думку прадстаўніка Абʼяднанага пераходнага кабінету Беларусі Паўла Латушкі, «заходнія палітыкі так нічога і не зразумелі за 28 гадоў кіравання Лукашэнкі». Палітык яшчэ да прызначэння на пасаду Алейніка быў упэўнены, што пры любым міністры МЗС не будзе праводзіць палітыкі ў інтарэсах Беларусі:

«Ёсць рызыкі, што прызначэнне новага міністра замежных справаў адчыніць дзверы для яго ў пэўных сталіцах, якія захочуць пакамунікаваць, захочуць пачуць яго меркаванне. Але гэта будзе зноў жа памылковы падыход з пункту гледжання таго, што нічога новага яны не пачуюць. А тым больш абавязкі, хто б не быў міністрам замежных справаў Беларусі, у дачыненні да заходніх партнёраў ніколі не будуць выконвацца».

Раман Галоўчанка ў канцы сваёй прамовы, прэзентуючы Алейніка вонкавапалітычнаму ведамству, пажадаў таму быць патрыётам і жывым прыкладам сумленнага ды самаахвярнага служэння радзіме.

Руслан Ігнатовіч, «Белсат»