Ад 14 да 18 гадоў: агучаныя прысуды па «справе Ціханоўскага»


18 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму – Сяргею Ціханоўскаму. У будынку Гомельскага СІЗА вынеслі прысуд у адным з самых працяглых палітычных працэсаў у гісторыі Беларусі. Вялізныя тэрміны атрымалі і іншыя фігуранты гэтак званай справы Ціханоўскага: па 16 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму – Арцём Сакаў і Дзмітрый Папоў, па 15 – Уладзімір Цыгановіч ды Ігар Лосік, 14 гадоў калоніі асобага рэжыму – Мікалай Статкевіч.

«Ніхто з іх не скарыўся, усе яны абсалютна перакананыя ў сваёй праваце. Сяргей Ціханоўскі прасіў асабліва перадаць, што ні адзін чалавек за гэтыя шэсць месяцаў судовага працэсу не даў супраць іх ніякіх паказанняў», – кажа Марына Адамовіч.

Паводле жонкі Мікалая Статкевіча, апроч тэрмінаў зняволення, абвінавачаным таксама прысудзілі выплаціць грашовыя кампенсацыі нібыта нанесенай дзяржаве шкоды.

«Ім інкрымінуецца арганізацыя масавых беспарадкаў, арганізацыя групавых дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, спалучаных з яўным невыкананнем законных патрабаванняў прадстаўнікоў улады, што пацягнула парушэнне працы транспарту, наўмысныя дзеянні, накіраваныя на распальванне сацыяльнай варажнечы і розні…», – пералічвае кіраўнік аддзелу Гомельскай абласной пракуратуры Дзяніс Мікушаў.

А таксама – нібыта перашкода працы Цэнтральнай выбарчай камісіі. Следства ў «справе Ціханоўскага» цягнулася больш за год. Фігуранты зазнавалі ціск і катаванні за кратамі, што падкрэсліла Дар’я Лосік у звароце да Лукашэнкі.

Суд па справе Ціханоўскага ў СІЗА. Гомель, Беларусь. 24 чэрвеня 2021 года.
Фота: Людміла Гладкая / СБ – Беларусь сегодня

«Давайце сустрэнемся, і я раскажу, праз што дзякуючы вашым падначаленым прайшла наша сям’я. Як гэта – перажыць дзве галадоўкі мужа, даведацца, што ён спрабаваў пакончыць з сабою проста на вачах аднаго з вашых так званых следчых, як гэта – калі цябе змяшчаюць у камеру з псіхічна нездаровымі людзьмі, і як гэта – даведацца што псіхолаг СІЗА № 3 Гомля падштурхоўвае твайго мужа на на новую спробу суіцыду», – сказала Дарʼя Лосік.

Шасцярых слаба звязаных паміж сабой блогераў, палітыкаў і актывістаў затрымалі летась яшчэ да прэзідэнцкіх выбараў. Сяргей Ціханоўскі стаў вядомым дзякуючы «Ю-Тʼюб»-каналу «Страна для жизни». Калі праз чарговае затрыманне блогер не здолеў падаць дакументы для ўдзелу ў прэзідэнцкіх выбарах, ён стаў кіраўніком штабу жонкі, якая падала дакументы замест яго. Летась 29-га траўня ў Горадні падчас пікету для збору подпісаў у выніку правакацыі Ціханоўскага затрымалі.

«Пытанне, якое я сабе задаю, – што я буду з гэтым рабіць, што я буду рабіць у гэтай сітуацыі. А я буду працягваць змагацца, я буду працягваць рабіць не ажыццяўляльныя рэчы, бо там Сяргей, там бацька маіх дзяцей, там тысячы іншых людзей», – кажа Святлана Ціханоўская.

Беларусы Вільні ў дзень суда зладзілі перформанс, каб падтрымаць незаконна пакараных сёння палітычных вязняў.

«Мы прадэманстравалі ўсім, што беларускі суд – гэта не суд, а судзілішча і даўно не мае права называцца судом, а суддзі – гэта людзі, што адпраўляюць іншых людзей, сваіх суайчыннікаў на смерць».

«Мы хацелі дагрукацца да простых людзей, каб яны таксама зразумелі наколькі важна падтрымліваць беларускі народ у іхнай барацьбе, якая працягваецца, нягледзячы на тое, што ўвайшла ў ціхую, нягучную стадыю», – кажуць удзельнікі акцыі.

Як і родныя палітычных вязняў, удзельнікі акцыі перакананыя, што зняволеныя выйдуць з-за кратаў нашмат раней за прызначаныя ім тэрміны.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»