З Чырвонай кнігі Беларусі могуць знікнуць зубры


Узамен Шуневіч прапануе свае паслугі: задзейнічаць паляўнічых у фармаванні атрадаў «народнага апалчэння». Што стаіць за жаданнем рэфармаваць Чырвоную кнігу?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Ігар Шуневіч збіраецца рэдагаваць Чырвоную кнігу. З такой прапановай колішні кіраўнік МУС, а цяпер старшыня Беларускага таварыства паляўнічых і рыбаловаў прыйшоў да Лукашэнкі. Той у сваю чаргу адзначыў, што пытанне рэгулявання колькасці жывёлаў і птушак, занесеных у Чырвоную кнігу, – супердзяржаўнае, вельмі важнае для іміджу нашай краіны.

То бок Чырвоная кніга – нішто, імідж – усё?

Гэтак, Шуневіч прапаноўвае адстрэльваць, як кажа, «праблемных» мядзведзяў без афіцыйнага дазволу на паляванне на гэтых жывёлінаў.

Эколаг, менеджарка Зялёнага тэлефону («greenphone.help») Паліна Бурко тлумачыць, чаму ўвогуле чаму мядзведзі пачалі выходзіць у гарады. Гэта не звязана з тым, што іх становіцца больш, а з тым, што яны з-за высечкі лясоў пераходзяць у гарады ў пошуках ежы, любяць шукаць яе на сметніцах, бо людзі выкідаюць шмат арганікі.

Зуброў жа аматар палявання ўвогуле прапаноўвае выключыць з Чырвонай кнігі. А сам пералік жывёлінаў пад пагрозай знікнення лічыць рудыментам, які замінае прымаць хуткія рашэнні ў дачыненні жывёльнага свету. Летась Мінпрыроды заяўляла, што папуляцыя зуброў не адноўленая, адстрэльваць можна толькі ў выключных выпадках.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Зубры.
Фота: Alexandr frolov / Wikimedia

Як лічыць Паліна Бурко, адстрэл зуброў, які прапануюць, – гэта імкненне зарабіць грошы. Зубр – гэта своеасаблівы сімвал Беларусі, і ў паляўнічых, на жаль, ёсць вельмі вялікае жаданне іх забіць.

«Насамрэч нам, беларусам, варта пра гэта задумацца і рабіць усё магчымае, каб гэтага не здарылася, таму што мы можам дайсці да таго, што зуброў проста не стане», – занепакоеная экспертка.

На сёння, паводле заканадаўства, мінімальная цана забойства галоўнага жыхара Белавежскай пушчы пачынаецца з васьмісот рублёў і сягае нават 7 тысяч для беларусаў і грамадзянаў краінаў ЕАЭС. Паляўнічым з іншых краінаў давядзецца заплаціць не менш за дваццаць дзве тысячы рублёў. У залежнасці ад вагі ды веку жывёліны.

Але на практыцы цэны вышэйшыя. Так, напрыклад, у Нацыянальным парку «Белавежская пушча» грамадзянін еўрапейскай краіны за самага дарагога зубра заплоціць каля 10 тысяч долараў.

Ігар Шуневіч запомніўся і іншымі адыёзнымі ўпадабаннямі. Гэтак, ён рэгулярна з’яўляўся на публіцы ў форме НКУС. Пры ім каля будынку МУС у Менску з’явіўся сумна вядомы помнік гарадавому, які Шуневіч ахоўваў усімі сіламі. Хлопца, які ўдарыў скульптуру, прымусілі прасіць прабачэння.

Як кажа псіхолаг Наталля Скібская, такая актыўнасць Ігара Шуневіча можа быць з-за таго, што яму не хапае ранейшага адчування ўлады. Гэта таксама можа быць трывога ў такім выпадку. Таму ён спрабуе залезці зноўку на тую вяршыню, на якой быў.

Галоўны паляўнічы і рыбалоў Беларусі цяпер заняты стварэннем жаночага паляўнічага клубу. А таксама імкнецца крочыць у нагу з часам і прапаноўвае, каб паляўнічыя ўвайшлі ў шэрагі гэтак званага «народнага апалчэння».

Дамініка Кунцэвіч, «Белсат»