У Беларусі зачышчаюць грамадскія арганізацыі


Пасля выбараў 2020 года ўлады ў Беларусі закрылі амаль паўтары тысячы некамерцыйных арганізацыяў. Намеру знішчыць грамадзянскую супольнасць функцыянеры рэжыму нават не ўтойвалі.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Калі і надалей будзе нагнятацца сітуацыя, то не будзе і той грамадзянскай супольнасці, пра якую турбуюцца нашыя еўрапейскія партнёры», – казаў у 2021-м тагачасны міністр замежных справаў Уладзімір Макей.

Макеева прадказанне здзяйсняецца.

«Зачыстка грамадзянскай супольнасці робіцца ўладамі таму, што яны хочуць трымаць грамадства пад татальным кантролем. Яны не ўяўляюць сабе нават мінімальнай свабоды для дзеянняў беларускіх грамадзянаў. Усё мае кантралявацца ўладамі», – кажа галоўны рэдактар «Еўрарадыё» Павел Свярдлоў.

Беларусы ў 2020-м годзе прадэманстравалі здольнасці да самаарганізацыі. Згадаем хаця б плошчу Пераменаў у Менску і дваровыя чаяванні, што так нервавалі сілавікоў. Прыдушыўшы нефармальную актыўнасць, улады ў 2021-м узяліся за недзяржаўныя аб’яднанні. Летась дабраліся да незалежных прафзвязаў. Сёлета – развязалі пытанне непрадзяржаўных палітычных партыяў.

Трапляюць пад каток ліквідацыі і непалітычныя арганізацыі. Напрыклад, сёння Менскі гарадскі суд разглядаў позвы аб закрыцці мотаклубу «Жыццё ў руху», спартовага таварыства «Філіповіч і каманда» і «Міжнароднага згуртавання навукоўцаў Еўразіі».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Закон і заканадаўства.
Фота: Inbusiness.kz

«У 2023-м ліквідацыя, у прынцыпе, выйшла на плато, як і ўсе іншыя рэпрэсіі, то бок нельга сказаць, што тэмп павялічваецца. Але фактычна ліквідацыя арганізацыяў грамадзянскай супольнасці стала тыповай тактыкай для ўладаў Беларусі», – кажа рэдактар «Беларускага штогодніка» Вадзім Мажэйка.

Беларусы пазбаўляюцца магчымасці не толькі абʼядноўвацца паводле інтарэсаў, але і атрымоўваць прававую, сацыяльную ды іншую дапамогу, якую надавалі зліквідаваныя грамадскія арганізацыі.

«Значэнне гэтага для беларускага грамадства ў тым, што знішчаюцца арганізацыі, якія працавалі там, дзе ўлады не дацягваліся, дзе яны не звярталі ўвагі на інтарэсы, на патрэбы пэўных людзей», – мяркуе Павел Свярдлоў.

Ці могуць праўладныя арганізацыі ўзяць на сябе тыя функцыі, што выконвалі недзяржаўныя? Дырэктар закрытага рэжымам Офісу правоў людзей з інваліднасцю Сяргей Драздоўскі ў гэтым сумняецца.

«Яны ўсе падпарадкаваныя і падцэнзурныя. Таму яны не могуць выконваць тыя мэты, якія закладзеныя ў іх статутах», – кажа Сяргей Драздоўскі.

Цярпяць ад зачысткі не толькі людзі. Гэтак, сёлета ў жніўні з ініцыятывы Менгарвыканкаму зліквідавалі дабрачынную платформу дапамогі жывёлінам «SaveUs». Частка арганізацыяў грамадзянскай супольнасці працягвае сваю працу, але ёсць нюанс.

«Але, вядома, гэтыя арганізацыі так не кажуць гучна: “Мы яшчэ жывыя – вось мяне яшчэ забіце!” Натуральна, яны стараюцца не высоўвацца, што не сумяшчальна з рэальнай дзейнасцю ў грамадзянскай супольнасці. Таму мы бачым, наколькі зараз дзейнасць грамадзянскай супольнасці ў Беларусі абмежаваная, як мала ў яе магчымасцяў», – тлумачыць Вадзім Мажэйка.

На канец кастрычніка ў працэсе ліквідацыі перабывалі больш за 900 грамадскіх арганізацыяў. Частка знішчаных уладамі перанесла сваю дзейнасць за мяжу – адзначае ў сваім аглядзе Вадзім Мажэйка. Але вядома, уплываць на сітуацыю ў краіне, жывучы за мяжою, – у разы складаней.

Валянцін Васіленка, «Белсат»