Што на самай справе азначае рэжым контртэрарыстычнай аперацыі? Меркаванні экспертаў падзяліліся


Афіцыйных заяваў няма, а беларусы спрабуюць зразумець, што адбываецца, з абрыўкаў фразаў, тым больш абрыўкі гэтыя транслююць расейскія СМІ. У інтэрв’ю выданню «Известия» міністр замежных справаў Беларусі Уладзімір Макей заявіў, што ў краіне ўведзены рэжым контртэрарыстычнай аперацыі. Пазней КДБ аспрэчвае гэтую інфармацыю, маўляў, спецслужбаў яна не датычыць.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

 

У выніку ў кулуарах саміту СНД у Астане Лукашэнка спрабуе растлумачыць, што ўкладвае ў гэтае паняцце:

«Мы ўвялі рэжым контртэрарыстычнай аперацыі і пачалі разгортваць рэгіянальную групоўку Беларусі і Расеі на заходнім кірунку. Ну нашую армію вы ведаеце – каля 70 тысяч асобаў – гэта аснова. Я думаю, што 10-15 тысяч ад Расеі і патрабаваць цяпер не трэба, бо стае там праблемаў іншых».

Дакладнай адназначнай заявы так і не прагучала. Юрыдычна ж рэжым контртэрарыстычнай аперацыі азначае, што сілавікі змогуць кантраляваць аўтамабільны і пешаходны рух, бесперашкодна ўваходзіць у жытло, выкарыстоўваць транспарт і тэлефоны грамадзянаў у службовых мэтах.

Рэпрэсіі і так адбываюцца ў краіне, але гэта можа стаць знакам яшчэ большага пагаршэння сітуацыі. Тым не менш, палітолаг Дзмітрый Балкунец прапануе іншую інтэрпрэтацыю:

«Спроба ўладаў правесці схаваную мабілізацыю. Яны не хочуць гэтае слова наўпрост прамаўляць. Але, мабыць, пад выглядам контртэрарыстычнай аперацыі, ці як гэта можна назваць, будзе праводзіцца нейкая кампанія для маніторынгу ўсёй актыўнасці, палітычнай і не толькі, і вайсковай. Я думаю, што будуць заклікаць на нейкія зборы».

Крыніцы «Нашай Нівы» паведамлялі, што пастанова ўжо прынятая. І мабілізацыя пройдзе пад выглядам правярання баяздольнасці. Дзмітрый Балкунец лічыць, што мэтай можа быць набор механікаў, кухараў, кіроўцаў:

«Ёсць розная інфармацыя, што расейскае войска ў пэўнай колькасці зноў увойдзе на тэрыторыю Беларусі. Колькі рэальна можа расейскіх грамадзянаў у вайсковай форме апынуцца на тэрыторыі Беларусі – гэта пытанне рытарычнае. Але, у любым выпадку, гэтую групу трэба будзе абслугоўваць».

Глядачка «Белсату» з Менскай вобласці напісала ў чат-бот, што сутыкалася са званкамі з ваенкамату:

«Некалькі дзён тэлефануюць на хатні тэлефон з ваенкамату. Мужу 49 год і не служыў, але лічыцца як механік. Знаёмаму кіроўцу з хуткай прыйшла позва, але ён сказаў, што нікуды не пойдзе. І яшчэ адной знаёмай тэлефанавалі, пыталіся пра мужа, каб удакладніць звесткі».

Пакуль рэжым пра мабілізацыю не заяўляў, наадварот, упарта зняпраўджваў такі сцэнар:

«Ім трэба стварыць сітуацыю. За нешта ўчапіцца. Не будзе ніякай мабілізацыі. Гэта хлусня», – заявіў Лукашэнка 23 верасня.

4 кастрычніка дзяржсакратар Савету Бяспекі Аляксандр Вальфовіч пацвердзіў:

«Прэзідэнт дакладна і выразна сказаў, што ніякай мабілізацыі ў Беларусі не прадугледжваецца. А комплекс мабілізацыйных мерапрыемстваў пачаўся не сёння і не ўчора, а праводзіцца на працягу існавання Узброеных Сілаў суверэннай Беларусі».

А што ўкраінскі бок? Два тыдні таму міністр абароны Украіны Аляксей Рэзнікаў быў упэўнены, што Лукашэнка не стане рызыкаваць сваёй уладай і абвяшчаць мабілізацыю, але захаваць твар перад перад Пуціным яму таксама трэба. Украінскі вайскова-палітычны аглядальнік Аляксандр Каваленка не верыць у мабілізацыю. Па-першае, пакуль мы бачым, што тэхніка Выязджае з Беларусі ў Расею. А па-другое:

«Пра якую мабілізацыю можа ісці гаворка, калі цяперашняе кіраўніцтва Беларусі так званае не можа ні эканамічна забяспечыць, ні матэрыяльна-тэхнічна ўсе гэтыя рэсурсы, якія могуць быць мабілізаваныя».

Беларускі вайсковы эксперт Аляксандр Алесін таксама не верыць у мабілізацыю найбліжэйшым часам. Нават у прыхаваную:

«Іх не хапае на Данбасе. Таму найбліжэйшым часам, я прагназую, люты, да вясны, ніякіх такіх сурʼёзных зрушэнняў не будзе. Лукашэнка не хоча быць губернатарам Паўночна-Заходняга краю. Ён хоча быць, ну, хай і залежным, але прэзідэнтам».

Эксперт звязвае гэта хутчэй з тым, што рэжым хоча ўзмацніць сваю бяспеку. Аляксандр Алесін дапускае таксама, што заявы пра контртэрарыстычную аперацыю могуць быць адказам на мабілізацыйны план «Перамога».

Яна Шэк «Белсат»