Рэжым ваюе за кантроль інтэрнэту


Нашумелую пастанову Савету Міністраў нумар 575 апублікавалі. І ніякай інфармацыі пра крымінальную адказнасць падпісчыкаў так званых «экстрэмісцкіх тэлеграм-каналаў» у ёй няма. Нягледзячы на ўчорашнія заявы сумнавядомага ГУБАЗіКу.

Тым не менш, сітуацыя атрымала працяг. Рэжым спрабуе адваяваць інтэрнэт у незалежных медыяў. І робіць гэта, на меркаванне экспертаў, таксама ў рэжыме, калі «не да законаў».

Так, дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Лілія Ананіч у працяг учорашнім пагрозам ГУБАЗіКу аб крымінальнай адказнасці за падпіску на тэлеграм-каналы заявіла: «Падпіска на экстрэмісцкія тэлеканалы – гэта спрыянне экстрэмізму, і яно сёння крымінальна караецца. Вось гэта кожны сабе павінен засячы на носе, што час перастаць займацца абы-чым у гэтым жыцці».

На думку юрыста Сяргея Зікрацкага, пастанова Савету Міністраў нічога не змяняе, а тых, хто падпісаны на пэўны канал, нельга прызнаць групай асобаў, якія ажыццяўляюць экстрэмісцкую дзейнасць. Той артыкул, на які спасылаўся ГУБАЗіК, патрабуе, каб былі нейкія экстрэмісцкія дзеянні. А проста падпіска такімі дзеяннямі быць не можа.

Юрыст Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Міхаіл Кірылюк кажа, што ў гэтай сітуацыі няма сэнсу казаць пра закон, а трэба разважаць у парадыгме вайны, ваеннага часу.

Нягледзячы на пагрозы, учора ад каналаў незалежных медыяў адпісалася невялікая ў агульным маштабе колькасць карыстальнікаў. Напрыклад, ад тэлеграм-каналу «Белсату» адлучыліся 2500 чалавек, уся аўдыторыя цяпер – семдзесят адна тысяча, ад YouTube-каналу «Белсат NEWS» адпісаліся каля трох тысяч падпісчыкаў пры агульнай аўдыторыі 466 000 чалавек.

Для параўнання, у афіцыйнага АТН (у народзе – БТ), за падпіску на які вам не будуць пагражаць турмой, на YouTube – 190 000 падпісчыкаў, у «Тэлеграме» – усяго крыху больш за 9 500.

Паводле экспертаў, адпісаліся ад незалежных медыяў людзі, якія не ёсць актывам беларускага пратэсту, і на агульную сітуацыю гэта не паўплывае. Медыяэксперт Аляксей Лявончык кажа, што яны знойдуць спосаб спажываць гэта нейкім іншым чынам, можа праз VPN, проста перападпішуцца, калі будуць пачувацца ў бяспецы. Падзення не адбудзецца. У сённяшніх беларускіх рэаліях адмыслоўцы раяць па магчымасці прыбраць у наладах бяспекі акаўнтаў сапраўдныя звесткі пра сябе, карыстацца VPN і ананімайзэрамі.

Уладзімір Старыковіч, «Белсат»