Індэкс чалавечага развіцця ААН: Беларусь займае 60-тае месца


Мінус дзесяць пазіцыяў за два гады. Шасцідзясятае месца заняла Беларусь у індэксе чалавечага развіцця – рэйтынгу, што складае ААН. Сярод паказнікаў, паводле якіх разлічваецца гэты індэкс, – асноўныя сферы жыццядзейнасці, тлумачыць метадолаг Святлана Мацкевіч.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Гэта такія ўзбуйненыя паказнікі, якія ўключаюць асноўныя сферы жыццядзейнасці чалавека: гэта адукацыя, мысленне, веды – гэта што датычыць культурнага складніку».

Другі складнік – працягласць жыцця – адлюстроўвае ўплыў медыцыны, навакольнага асяроддзя ды іншых чыннікаў на фізічны стан чалавека. Трэці складнік – эканамічны, гэта валавы нацыянальны даход на душу насельніцтва.

«З гэтага комплексу ўзбуйненых паказнікаў Беларусь займала дастаткова высокае месца па адукацыі і за кошт гэтага выходзіла на высокія агульныя паказнікі індэксу чалавечага развіцця», – лічыць Святлана Мацкевіч.

Унёсак эканамічнага складніку на пазіцыю Беларусі ў рэйтынгу – невысокі, адзначае эканамістка Анастасія Лузгіна.

«Калі мы паглядзім менавіта па валавым нацыянальным даходзе, калі мы паглядзім менавіта гэты паказнік, то ён палепшыўся ў параўнанні з 2020 годам. Іншае пытанне, што ён агулам быў невысокі ў параўнанні з іншымі краінамі», – кажа эканамістка Анастасія Лузгіна.

Глабальны рэйтынг паказвае, як краіна ўпісваецца ў агульнасусветны кантэкст, падкрэсліваюць адмыслоўцы. Беларусь выглядае ў ім горш за суседзяў – найвышэйшае 34-е месца заняла Польшча. На 35-й пазіцыі – Літва, на 39-й Латвія. Расея – на 52-м месцы, і толькі Украіна, дзе ідзе вайна, ніжэйшая за Беларусь – на 77-м месцы. Першыя месцы рэйтынгу займаюць Швейцарыя, Нарвегія, Ісландыя. Напрыканцы спісу – афрыканскія краіны Паўднёвы Судан, Чад, Нігер.

Але такія рэйтынгі не дакладна адлюстроўваюць стан рэчаў у галіне эканомікі ды ў галінах палітыкі ці сацыяльнага развіцця. Для ўладаў глабальны рэйтынг – падказка, на якія сферы жыццядзейнасці трэба звярнуць увагу, падкрэсліваюць адмыслоўцы.

«Сыходзячы з сённяшняй сітуацыі (бо трэба разумець, што мы кажам пра вынікі працы эканомікі за 2021 год), эканамічныя фактары будуць адмоўна ўплываць на разлік індэксу ў 2022 годзе», – кажа Анастасія Лузгіна.

Адмоўна паўплывае ў будучыні на індэкс чалавечага развіцця і сённяшні псіхічны стан беларусаў, лічыць псіхатэрапеўт Наталля Скібская:

«Калі мы назапашваем шмат гармонаў стрэсу, гэта адбіваецца на эндакрыннай і імуннай сістэме. Тое, што будзе скарачацца працягласць жыцця, я не здзіўляюся. Гэта будзе адлюстроўвацца на працягласці жыцця і самаадчуванні».

Ва ўмовах глабальнага тэрору, падпарадкавання Расеі, эканамічных санкцыяў, уцёкаў з краіны адмыслоўцаў, нязгодных з рэжымам, палепшыць пазіцыю ў рэйтынгу будзе складана.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»