Хто выйдзе на волю з беларускіх вязніцаў?


Не менш за 8 тысячаў чалавек, паводле прадстаўнікоў рэжыму Лукашэнкі, выйдуць на волю да гэтак званага дня народнага адзінства, які будуць адзначаць 17 верасня.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Хто канкрэтна гэтыя людзі, якую частку з іх складаюць зняволеныя з палітычных матываў – усё яшчэ невядома. Сур’ёзныя сумневы ў гатовасці рэжыму выпускаць палітвязняў вынікаюць хаця б са словаў Лукашэнкі пра тое, што «каго заўгодна выпускаць не будуць».

Сёння ж цікавасць да тэмы падагрэў нібыта праект Закону аб амністыі, які зʼявіўся ў малавядомым тэлеграм-канале «код 375». У гэтым праекце прапаноўваецца вызваліць усіх асуджаных ці абвінавачаных паводле артыкулаў 293 – «Масавыя беспарадкі» – і 342 – «Арганізацыя і рыхтаванне дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх».

Але, па-першае, спіс так званых экстрэмісцкіх артыкулаў значна шырэйшы. Па-другое, тэкст нібыта праекту Закону аб амністыі сфармуляваны так, што дае магчымасць сілавікам падыходзіць да любой справы адвольна. Адзін з пунктаў гучыць гэтак: «Рашэнне аб выкарыстанні або невыкарыстанні гэтага закону прымаецца ў дачыненні кожнай асобы індывідуальна».

Калі такі пункт увойдзе ў канчатковую рэдакцыю закону, то зробіць нават не лукашэнкаўскі суд, а нізавую абслугу – умоўнага начальніка калоніі, следчага або пракурора – «валадаром лёсу» палітзняволенага. Юрыст НАУ Міхаіл Кірылюк кажа:

«Адзін там выходзіць на два гады раней, а другі не выходзіць. Таму што ложак няправільна запраўляў, парушаючы правілы турмы, адбываючы пакаранне, ці таму, што ён не ўступіў у змову з адміністрацыяй турмы і адмовіўся перадаваць нейкую інфармацыю аб сукамерніках і гэтак далей».

Паказальна, што падобны праект быў падрыхтаваны яшчэ летась адной адыёзнай асобай. Размова пра Юрыя Васкрасенскага – перабежчыка са штабу асуджанага на чатырнаццаць гадоў Віктара Бабарыкі. Юрый, які цяпер мае імідж цалкам адданай рэжыму асобы, ад каментара «Белсату» адмовіўся, але ўскосна пацвердзіў, што па сеціве гуляе адна з версіяў таго самага дакументу. Дык для

чаго камусьці спатрэбілася рабіць гэты ўкід цяпер? Паводле палітычнага аглядальніка Віталя Цыганкова:

«Мэтаў некалькі. Па-першае, праявіць рэакцыю, па-другое – калі дакументы такія ўпускаюцца ў адкрытую прастору з той мэтай, каб гэта потым не было прынята. Каб потым: “Ах, так! Я, значыць, зраблю насуперак, я не зраблю, што ад мяне чакаюць”. Вось так Лукашэнка часам робіць».

На ўзгаданай раней нарадзе Лукашэнкі гаварылася, што пад амністыю маюць трапіць асуджаныя ў няпоўнагадовым узросце паводле «наркатычных» артыкулаў, карупцыянеры, якія раскаяліся і пагасілі прычыненую шкоду. Але для чаго ў цяперашняй беларускай рэчаіснасці нібыта збіраюцца выпускаць на волю асуджаных паводле палітычных артыкулаў? Міхаіл Кірылюк выказвае думку:

«Каток рэпрэсіяў ідзе далей – адной рукой, а другой рукой нібыта прапаноўваюць: «Пакайся, Міхалыч, табе скідка будзе» – цытуючы Ільфа і Петрова. Я ў гэтым бачу спробу шантажу і застрашвання: вось, глядзіце, падпісвайце хуценька, гэта ваш апошні шанец выйсці на волю».

Віталь Цыганкоў дадае, што амністыя – гэта не выпадковы крок менскага рэжыму, паколькі Лукашэнка бачыць, як расце напружанне ў грамадстве, бачыць, як расце нянавісць да сілавікоў, бачыць, як санкцыі ўплываюць на эканоміку, бачыць, як людзі зʼязджаюць. А людзі зʼязджаюць – гэта ж не значыць, што яму проста шкада. Людзі зʼязджаюць – перастаюць плаціць падаткі. На думку экспертаў, цуду ў справе амністыі палітзняволеных чакаць не варта. Да анансаванай падзеі засталося тры дні.

Уладзіслаў Корсак, «Белсат»